НА ГЛАВНУЮ (кнопка меню sheba.spb.ru)ТЕКСТЫ КНИГ БК (кнопка меню sheba.spb.ru)АУДИОКНИГИ БК (кнопка меню sheba.spb.ru)ПОЛИТ-ИНФО (кнопка меню sheba.spb.ru)СОВЕТСКИЕ УЧЕБНИКИ (кнопка меню sheba.spb.ru)ПРОФЕССИОНАЛЬНО-ТЕХНИЧЕСКОЕ ОБРАЗОВАНИЕ В СССР (кнопка меню sheba.spb.ru)ФОТО-ПИТЕР (кнопка меню sheba.spb.ru)НАСТРОИ СЫТИНА (кнопка меню sheba.spb.ru)РАДИОСПЕКТАКЛИ СССР (кнопка меню sheba.spb.ru)ВЫСЛАТЬ ПОЧТОЙ (кнопка меню sheba.spb.ru)

Николай Матуковский

МУДРОМЕР

радиоспектакль





  mp3 — VBR до 128kbps — 44Hz — Mono  


ТИТР :: СЛОВО АВТОРА

1     2     3     4

Белорусский государственный академический театр им. Янки Купалы.

Ведущий — Валерий Анисенко;
Вершило — Август Милованов;
Миролюбов, зам. министра по утверждениям — Матвей Федоровский;
Папсуева, зам. министра по возражению — Лилия Давидович;
Нюра, секретарь министра — Нина Пискарёва;
Мурашко, изобретатель — Геннадий Овсянников;
Заливако, изобретатель — Павел Дубашинский;
Загуменная, старушка — Стефания Станюта;
Крутая, директор фабрики лёгкой и средней одежды — Мария Захаревич;
Брюнетка и Шотенка, ассистентки директора, они же телефонистки — Алёна Сидорова (зн. Елена Сидорова), Зинаида Зубкова;
ответственный работник — Игорь Лаптинский.

Режиссёр (радио) — Валерий Анисенко.
Вступление к спектаклю — Николай Матуковский.
Год записи: 1988

 

 

Полный текст в оригинале (на украинском)

 

      Мікалай Матукоўскі
      Мудрамер
     
      Дзеючыя асобы
     
      Вяршыла Віктар Паўлавіч — міністр узгадненняў.
      Міралюбаў Ягор Фёдаравіч — намеснік міністра па зацвярджэннях.
      Папсуева Тамара Цімафееўна — намеснік міністра па пярэчаннях.
      Мілашкіна Нюра — сакратарка міністра.
      Мурашка Мікалай Ягоравіч — вынаходнік.
      Залівака Іван Пятровіч — вынаходнік.
      Загуменная Кацярына Антонаўна — бабуля — празарлівіца.
      Крутая Ніна Іванаўна — дырэктар фабрыкі лёгкага і сярэдняга адзення.
      Брунетка, Шатэнка, Бландзінка — асістэнткі Ніны Іванаўны.
      Першая тэлефаністка.
      Другая тэлефаністка.
     
      Частка першая
     
      Кабінет міністра ўзгадненняў Вяршылы Віктара Паўлавіча. Першае, што кідаецца ў вочы, — вялізны пульт з тэлефонамі. Тэлефонаў многа, некалькі дзесяткаў. Паабапал пульта сядзяць дзве тэлефаністкі. Яны ўвесь час здымаюць тэлефонныя трубкі і коратка, ціха адказваюць. Часам, у залежнасці ад важнасці званка, яны просяць міністра зняць трубку тэлефона–«дублёра». «Дублёры» стаяць у яго на стале, пад рукой. Тэлефоны звоняць бесперапынна, на розныя галасы.
      За сталом засяроджаны Вяршыла. Побач Нюра Мілашкіна за маленькім столікам на колцах. На століку дзве папяровыя гары. Нюра аўтаматычна, як робат, бярэ паперу з адной гары, кладзе яе на стол перад міністрам. Той, ледзь зірнуўшы на паперу, падпісвае яе. Падпісаныя дакументы Нюра кладзе на другую гару. Міністр камандуе: «Сіні!.. Зялёны!.. Чырвоны!..» Яго каманды падобныя на каманды хірурга ў час аперацыі: «Пінцэт!.. Скальпель!.. Зажым!..» Нюра аўтаматычна, імгненна падае міністру каляровыя алоўкі.
     
      Вяршыла. Сіні!.. Чырвоны!.. Зялёны!.. Сіні!.. Чырвоны!.. Чорны!.. Нюра! Я прасіў чорны! А ты падаеш мне зялёны!..
      Нюра. Ой, прабачце, Віктар Паўлавіч!..
      Вяршыла. Я ж так і наблытаць магу… Зялёны!.. Чырвоны!..
      Нюра. Закажыце вы факсіміле, Віктар Паўлавіч. У век аўтаматыкі і электронікі пісаць рэзалюцыі ад рукі…
      Вяршыла. Сіні!.. Нельга, Нюра… Што такое факсіміле?.. Чырвоны!.. Бюракратызм і казёншчына… Факсіміле можа кожны паставіць… Зялёны!.. А мы ж маем справу з людзьмі… Чорны!.. Убачыць чалавек маю рэзалюцыю ў арыгінале «Ад–мо–віць!» і будзе задаволены… Таму што зразумее… Яго паперу чыталі! Над ёй думалі!.. А не проста ўзялі і адмахнуліся… Чырвоны!.. Чалавечыя ад носіны да справы, Нюрачка, вышэй за ўсё!..
      Нюра. Не шкадуеце вы сябе, Віктар Паўлавіч. Жыццё ў чалавека адно. Трэба хоць крышачку і пра сябе падумаць.
      Вяршыла. Што ты, Нюрачка, гаворыш? Чорны!.. Прыйшоў учора дадому і родную жонку не пазнаў. Кажу, вы па якім пытанні, таварыш?.. Чырвоны!.. Думаеш, я помню, як маіх дзяцей завуць?
      Нюра. Дзіўка, што яны ўвогуле ў вас ёсць!
      Першая тэлефаністка. Яго няма. У яго сёння прыёмны дзень.
      Вяршыла. Чорны!..
      Другая тэлефаністка. Ён заняты… У яго народ… Хвілінку! Віктар Паўлавіч! Вазьміце трэці…
      Вяршыла. Што здарылася?
      Другая тэлефаністка. Універмаг на Маскоўскай гарыць. Пытаюць, каго раней выклікаць — пажарнікаў ці міліцыю?
      Вяршыла. Прывыклі чужой галавой думаць! Нават такога пытання самі вырашыць не могуць! (Націскае кнопку селектара.) Аддзел сумненняў?
      Голас з дынаміка. Слухаю, Віктар Паўлавіч!
      Вяршыла. Сцяпан Сцяпанавіч… Вось тут мне звоняць… Універмаг на Маскоўскай гарыць. Пытаюць, што рабіць?
      Голас з дынаміка. Няхай тушаць, Віктар Паўлавіч!
      Вяршыла. Гэта не адказ, Сцяпан Сцяпанавіч! Гэта я і без цябе ведаю. Калі няшчасны выпадак — трэба адразу тушыць. А калі яны самі яго падпалілі?
      Голас з дынаміка. Як гэта — самі?
      Вяршыла. Проста. Зрабілі растрату на вялікую суму і, каб схаваць канцы, падпалілі. Вось і думай, каго туды раней пасылаць? Пажарнікаў ці пракурора? (Паўза.) Ты думаеш, Сцяпан Сцяпанавіч?
      Голас з дынаміка. Думаю, Віктар Паўлавіч… А які ў іх таваразварот?
      Вяршыла. Адкуль я ведаю? Пачакай… (Звяртаецца да другой тэлефаністкі.) Зіна, спытай, які ў іх таваразварот?
      Другая тэлефаністка (у тэлефон). Які ў вас таваразварот?.. (Міністру.) Кажуць, заняўся другі паверх…
      Вяршыла. Я ў іх не пра паверх пытаю! Мне патрэбен іх таваразварот!
      Другая тэлефаністка (у тэлефон). Міністр пытае ў вас не пра паверх, а пра таваразварот… Колькі? (Міністру.) Дзвесце мільёнаў.
      Вяршыла. Гэта сур’ёзна. Ты чуеш, Сцяпан Сцяпанавіч?
      Голас з дынаміка. Чую, Віктар Паўлавіч. Дзвесце мільёнаў…
      Вяршыла. Што ім рабіць?
      Голас з дынаміка (пасля паўзы, шчыра). А д’ябал яго ведае!
      Вяршыла. Бюракрат ты, Сцяпан Сцяпанавіч! Тут, разумееш, вялікі універмаг гарыць! А ты мяне на параду да д’ябла пасылаеш! Залічы яго ў штат, калі ён разумнейшы за цябе!.. (Здымае трубку тэлефона–«дублёра».) Вы мяне слухаеце?.. Ужо трэці? Ён што ў вас? 3 пораху зроблены?.. А чаму так хутка дайшло да трэцяга паверха?.. Вось гэта якраз і наводзіць мяне на думкі… Значыць, так. Слухайце мяне ўважліва і пастарайцеся нічога не пераблытаць. Выклікайце ў такой паслядоўнасці… Спачатку следчага па асабліва важных справах. Няхай ён прычыну знойдзе. Затым міліцыю, а потым пажарнікаў. (Паклаў трубку.) Усё, Нюрачка. Астатняе развязі маім намеснікам. Зараз без пяці дванаццаць. А прыём назначан на дванаццаць. Колькі ў нас сёння запісалася?
      Нюра. Сёння мала. Чатыры чалавекі.
      Вяршыла. Добры сімптом. Хто? Па якой справе?
      Нюра (зазірнуўшы ў сваю запісную кніжку). Крутая Ніна Іванаўна. Дырэктар фабрыкі лёгкага і сярэдняга адзення.
      Вяршыла. Ясна. Зацвердзіць новыя мадэлі.
      Нюра. Загуменная Кацярына Антонаўна. Пенсіянерка.
      Вяршыла. I тут ясна. Павялічыць пенсію…
      Нюра. Ды не. Хоча пагаварыць з вамі аб парушэнні сацыялістычнай законнасці.
      Вяршыла. Во пенсіянеры пайшлі! Контрразведка! Усё бачаць, усё ведаюць! Далей хто?
      Нюра. Залівака Іван Пятровіч. Вынаходнік.
      Вяршыла. Чакай, чакай… Хтосьці штосьці мне пра яго гаварыў. А вось хто і што — не памятаю.
      Нюра. I апошні, Мурашка Мікалай Ягоравіч.
      Вяршыла. Хто? Адкуль?
      Нюра. Ні хто, ні адкуль — не гаворыць.
      Вяршыла. Ну, хоць з якой галіны? 3 якога горада?
      Нюра. Гаворыць, што ўсё скажа толькі вам.
      Вяршыла. Не падабаецца мне гэтае інкогніта! Вось з яго давайце і пачнём. Папрашу цябе, Нюрачка, запісваць нашу размову.
      Нюра. Добра, Віктар Паўлавіч…
     
      Выходзіць, штурхаючы перад сабой столік з дзвюма папяровымі гарамі
     
      Першая тэлефаністка. Яж вам сказала… Ён заняты! У яго сёння прыёмны дзень… Не ве даю… Пазваніце ў канцы дня.
      Другая тэлефаністка. Хто? Хвілінку… Віктар Паўлавіч, здыміце ВЧ.
      Вяршыла (зняўшы самую вялікую трубку самага вялікага тэлефона). Вяршыла слухае… А!.. Гэта ты, пагарэлец! Прывітанне! Ты на маім месцы пасядзеў бы!.. Тут, браце, такія пажары!.. Ну і добра, што згарэў!.. Цьфу! Я хацеў сказаць: вельмі дрэнна, што згарэў. У яго дзвесце мільёнаў таваразвароту… А пры чым тут я? Рэкамендацыю на тушэнне пажару я выдаў… (Да другой тэлефаністкі.) Зіна! Праз колькі мінут мы выдалі рэкаменда цыю на тушэнне універмага?
      Другая тэлефаністка (зірнуўшы ў запісы). Праз пятнаццаць мінут…
      Вяршыла. Ну вось!.. Рэкамендацыю на тушэнне пажару мы выдалі вам праз пятнаццаць мінут. Пасля таго як атрымалі сігнал трывогі. Ты калі–небудзь вырашаў справы за пятнаццаць мінут?.. Ну, хіба я вінаваты, што следчага па асабліва важных справах не аказалася на месцы? Няхай сядзіць там, дзе яму належыць сядзець!.. Разбірайся, браце, са сваім універмагам сам! Сам падпаліў, сам і тушы!.. Ды не, гэта я так жартую… А пры чым тут боцман?.. Будзь здароў! У мяне прыёмны дзень.
     
      Уваходзіць Нюра, за ёю — Мурашка з вялікім чамаданам.
     
      Мурашка (сарамліва і баязліва, яшчэ ад парога). Добры дзень вам!
      Вяршыла. Добры дзень. Праходзьце. Сядайце.
     
      Мурашка ідзе з чамаданам і, чырванеючы ад няёмкасці, садзіцца на самы ўскрайчык крэсла каля міністэрскага стала. Чамадан ставіць каля ног.
     
      Вяршыла. Вы сюды адразу з поезда?
      Мурашка. Не…
      Вяршыла. А гэта? (Паказвае на чамадан.)
      Мурашка (сарамліва). Тут… маё вынаход ніцтва…
      Вяршыла. Такое вялікае?
      Мурашка. Ага… Такое…
      Вяршыла. Значыць, вы таксама вынаходнік?
      Мурашка. Ага. Таксама.
      Вяршыла. Прозвішча? Імя? Па бацьку?
      Мурашка (хуценька ўзняўшыся з крэсла). Мурашка… Мікалай Ягоравіч. Вы можаце проста, па прозвішчу…
      Вяршыла. Вы сядайце. У нас такі парадак. Нюра, ты пішаш?
      Нюра. Пішу, Віктар Паўлавіч.
      Вяршыла. Колькі вам гадоў?
      Мурашка (прыўзняўся з крэсла). Пяцьдзесят два…
      Вяршыла. Сядайце, сядайце!.. Даруйце за фармальнасці. Але мы вядзём сацыялагічнае даследаванне. Хто і на што скардзіцца. I ў каго больш скаргаў — у старых ці ў маладых.
      Мурашка. Ага… Я разумею.
      Вяршыла. Адукацыя?
      Мурашка (узняўшыся, сарамліва). Незакон чаная вышэйшая…
      Вяршыла. А калі больш дакладна?
      Мурашка. Тры курсы політэхнічнага…
      Вяршыла. Вы сядайце, сядайце. Што ж вам перашкодзіла, Мікалай Ягоравіч, закончыць поўны курс? Вы ж былі ўжо, калі можна так сказаць, на фінішнай прамой!
      Мурашка (зноў узнімаецца). Захапленне…
      Вяршыла. Сядайце. У нагах праўды няма. Ох, жанчыны! Колькі яны падножак нашаму брату даюць!
      Мурашка. Ды не… Я захапіўся вынаходніцтвам.
      Вяршыла. I што ж вы вынайшлі, Мікалай Ягоравіч?
      Мурашка (узнімаецца і падае міністру па перу). Спачатку прачытайце вось гэта…
      Вяршыла. Што гэта? Анатацыя? Мурашка. Не… Даведка аб стане майго зда роўя…
      Вяршыла. А навошта яна мне? Вы ж, спадзяюся, не ў касманаўты прыйшлі запісвацца? Я не доктар.
      Мурашка (просіць). Я вас вельмі прашу! Пра чытайце!..
      Вяршыла. Навошта?
      Мурашка. Я абышоў ужо многа інстанцый. I ўсюды патрабавалі даведку аб стане майго здароўя. Хто ў канцы размовы, а хто — у сярэдзіне… Я вас вельмі прашу! Прачытайце!
      Вяршыла. Ды не буду я чытаць! Я ж і так бачу, што вы здаровы! Як той Мурамец!
      Мурашка(раптам падае на калені перад сталом міністра). Малю вас, таварыш міністр!
      Вяршыла (спалохана ўскочыўшы). Што вы! Што вы, таварыш Мураўёў! Зараз жа ўстаньце! Устаньце і сядзьце!
      Мурашка. Не ўстану, пакуль вы не прачытаеце!
      Вяршыла. Як вам не сорамна, таварыш Му раўёў! Устаньце! Сядзьце!
      Мурашка. Не ўстану, пакуль не прачытаеце!
      Вяршыла. О, Божа мой! Давайце вашу паперку! (Амаль выхоплівае паперку з рук Мурашкі.) Я пра чытаю вашу даведку пасля таго, як вы сядзеце!
      Мурашка (сядаючы). Дзякую! Шчыра дзякую!
      Вяршыла (садзіцца з вялікім аблягчэннем). Фу!.. Ну і напалохалі вы мяне, таварыш Мураўёў! Здаровы, дарослы чалавек… I раптам такое… Фу! Першы раз у маёй практыцы.
      Мурашка. Даруйце… Больш не буду.
      Вяршыла (разгортвае даведку і чытае). «…Выдадзена грамадзяніну Мурашку Мікалаю Ягоравічу… Пяцьдзесят два гады… Жанаты… У тым, што грамадзянін Мурашка Мікалай Ягоравіч абсалютна здаровы… На ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры не стаіць… (Спатыкнуўшыся на апошніх словах, з некаторым падазрэннем, уважліва паглядзеў на Мурашку.) У лячэнні патрэбы не мае…» Подпіс… Пячатка… (Хутчэй машынальна, чым свядома, паглядзеў даведку на святло.) Ну, я ж казаў, што вы — Ілья Мурамец! (Налівае з графіна шклянку вады і залпам выпівае.) Чаму вы, Міка лай Ягоравіч, прыйшлі іменна да нас? А не ў інстытут? Не на завод?
      Мурашка. Я абышоў усіх… Без вашай рэзалюцыі ніхто не бярэцца ўкараняць.
      Вяршыла. Што ж вы такое вынайшлі? Што–небудзь нумарное? Сакрэтнае? Га?
      Мурашка. Справа ў тым, Віктар Паўлавіч, што я… прыдумаў дурамер…
     
      Паўза.
     
      Вяршыла. Дура… Што–што?
      Мурашка. Дурамер. Апарат такі…
      Вяршыла. Апарат? Навошта?
      Мурашка. Для вымярэння чалавечай дур ноты…
      Вяршыла. Так–так… цікава–цікава… (Рап там зарагатаў і адразу ж абарваў смех.) Вы што? Сур’ёзна?
      Мурашка. Вельмі… Я патраціў на яго ўсё жыццё… Інстытут пакінуў…
      Вяршыла. Не–не, пачакайце!.. Вы сапраўды сур’ёзна? Дзе ж гэты ваш…
      Мурашка. Дурамер? Вось тут. (Паказвае на чамадан.)
      Вяршыла. Такі маленькі?
      Мурашка. Ага… На мікрасхемах і паўправад ніках.
      Вяршыла. I вы заўсёды носіце яго з сабой?
      Мурашка. Бачыце, Віктар Паўлавіч… Хтосьці ўжо тры разы пранікаў у маю кватэру і разбіваў апарат ушчэнт. Я аднаўляў яго па чарцяжах. Я зрабіў пяць экземпляраў усёй дакументацыі і хаваю яе ў розных месцах. Адзін — у камеры хавання на вакзале. Тройчы рабілі замах на маё жыццё. Двойчы хацелі ўтапіць, калі я купаўся ў возеры…
      Вяршыла (крыху спалохана). Як? Якім чынам?.
      Мурашка. Проста. Хапалі за ногі і цягнулі на дно. Адзін раз адбіўся. Другі раз ледзь адкачалі… А яшчэ раз на мяне хацела наехаць чорная «Волга» без нумарных знакаў.
     
      Вялікая паўза.
     
      Вяршыла (зусім разгублена). Так–так–так… Мікалай Ягоравіч… Зрабіце ласку… Пакажыце–ка вашу даведачку…
      Мурашка (з гатоўнасцю). Калі ласка!.. (Працягвае даведку.)
      Вяршыла (спахапіўшыся). Не–не! Не трэба! Гэта я проста машынальна… Падумаў пра нешта сваё, а з языка сарвалася зусім іншае… На нашай рабоце, Мікалай Ягоравіч, звар’яцець можна! (Уба чыўшы, што Мурашка ўсё яшчэ трымае даведку ў руцэ.) Не–не! Не трэба!.. Лічыце, што я не надта ўдала пажартаваў. Прабачце…
      Мурашка. Калі ласка, Віктар Паўлавіч, калі ласка… Я прывык. Не вы першы так жартуеце…
      Вяршыла (страшэнна разгублены і не ведае, шторабіць). Так–так–так… (Да першай тэлефаністкі.) Хто так настойліва дабіваецца?
      Першая тэлефаністка. Тэлебачанне.
      Вяршыла. Што ім трэба?
      Першая тэлефаністка. У нашым горадзе нарадзілася чацвярня! Чатыры хлопчыкі! Упер шыню за ўсю гісторыю!
      Вяршыла. Цудоўна! Шкада, што не я бацька!
      Першая тэлефаністка. Яны пытаюць, як падаваць? Як факт у панараме навін? Або прысвяціць ім спецыяльны выпуск?
      Вяршыла. Няхай зробяць і тое, і другое. Спецвыпуск ды яшчэ з анонсам паглядзяць усе!.. (Да Мурашкі.) Значыць, вы прыдумалі…
      Мурашка. Дурамер, Віктар Паўлавіч.
      Вяршыла. Так–так–так… I што ж вы хочаце з ім рабіць?
      Мурашка. Арганізаваць серыйную вытворчасць.
      Вяршыла. Серыйную?.. Навошта?
      Мурашка. Каб усіх пагалоўна праверыць і дакладна ведаць…
      Вяршыла. Што ведаць?
      Мурашка. Хто ёсць хто…
      Вяршыла (з тайнай надзеяй тэлефаністкам). Дзяржаўных званкоў няма?
      Першая тэлефаністка. Няма, Віктар Паў лавіч. Звычайныя…
      Вяршыла. Так–так–так… Дык, кажаце, серыйны выпуск?
      Мурашка. Ага, серыйны. Гэта мэта майго жыцця.
      Вяршыла. Добранькая ў вас мэта, Мікалай Ягоравіч!.. Вось што, Нюрачка. Пакліч сюды маіх намеснікаў.
     
      Нюра выходзіць.
     
      (Тэлефаністкам.) Тэрміновага нічога няма?
      Другая тэлефаністка. Нічога, Віктар Паўлавіч.
      Вяршыла (яўна марудзіць, выйграе час). Прабачце, Мікалай Ягоравіч… (Набірае нумар па ВЧ.) Ну, як там твой універмаг? Датла?.. Прычына невядомая?.. Як гэта, чаму?.. Павінен жа я цікавіцца? Усё–такі дзвесце мільёнаў таваразвароту! Дзе ты іх зараз возьмеш?.. Ды не здзекуюся я, а спачуваю! Будзь здароў! (Кладзе трубку.)
     
      Уваходзяць Нюра, Папсуева і Міралюбаў.
     
      Мурашка (падхапіўся з крэсла). Добры дзень вам!
      Вяршыла. Сядайце, таварышы. Прашу пазнаё міцца. Таварыш Мураўёў…
      Мурашка. Мурашка я…
      Вяршыла. Прабачце!.. Інжынер–вынаходнік…
     
      Намеснікі недаўменна глядзяць то на Вяршылу, то на Мурашку.
     
      Папсуева (сурова, як на допыце). Аўтарскія пасведчанні ёсць?
      Мурашка (хуценька ўзнімаецца, сканфужана). Няма…
      Папсуева. Ніводнага?
      Мурашка. Ніводнага.
      Папсуева. Ну, такіх вынаходцаў!.. Я пярэчу!..
      Вяршыла (паказвае рукой Мурашку, каб той сеў). Пачакайце, Тамара Цімафееўна… Вы ж яшчэ не ведаеце, супраць чаго пярэчыце.
      Папсуева. А мне і ведаць не трэба! Я пярэчу супраць усіх, у каго няма афіцыйных дакументаў на вынаходніцтва!.. Дарэчы, што ён вынайшаў?
      Вяршыла. Таварыш Мурашка прыдумаў… ду рамер…
     
      Паўза.
     
      Папсуева. Што прыдумаў?
      Вяршыла. Апарат для вымярэння чалавечай дурноты…
     
      Паўза.
      Папсуева нечакана, як раней Вяршыла, зарагатала і таксама, як ён, рэзка абарвала смех.
     
      Папсуева. Глупства!
      Вяршыла. Ды не, Тамара Цімафееўна… На самай справе.
     
      Паўза.
     
      Папсуева. I дзе ж ён… гэты градуснік?
      Мурашка (паказвае на чамадан). Вось тут…
     
      Паўза.
     
      Вяршыла (у прысутнасці намеснікаў трымае сябе больш упэўнена і смела). Я папрашу вас, Мікалай Ягорававіч… Зрабіце нам, калі ласка, афіцыйнае паведамленне. Гэта мае намеснікі… Папсуева Тамара Цімафееўна… Першы намеснік. I Міралюбаў Ягор Фёдаравіч…
      Мурашка. Вельмі прыемна! Вельмі прыемна!.. (Ускочыўшы, па чарзе кланяецца абодвум намеснікам.)
      Вяршыла. Самыя вопытныя нашы спецыялісты. Усе складаныя пытанні мы заўсёды вырашаем сумесна. Пачынайце!
      Мурашка (узнімаецца, разгублена). 3 чаго пачынаць?
      Папсуева. Ну, хоць бы з таго, па якому прынцыпу дзейнічае гэты ваш… бязмен?
      Мурашка. На мікрасхемах і паўправадніках…
      Папсуева. Я не пра тое! Для яго трэба рыхтаваць спецыяльныя тэсты? Ці яшчэ што?
      Мурашка. Не, тэсты не патрэбны. Паказанні апарата рэгіструюцца на спецыяльнай шкале… У працэнтах…
      Папсуева. У працэнтах чаго?
      Мурашка (нясмела). Працэнты паказваюць, колькі ў чалавеку дурноты…
     
      Паўза.
     
      Папсуева. I што? Гэта адразу відаць?
      Мурашка. Ага, адразу…
     
      Усе ашаломлена маўчаць.
     
      Папсуева (нечакана). У вас ёсць даведка аб стане вашага здароўя?
      Вяршыла (паспешліва). Ёсць–ёсць! Я правяраў… (Хуценька паправіўся.) Я глядзеў…
     
      Паўза.
     
      Міралюбаў (зацікаўлена). I вы можаце паказаць нам яго зараз?
      Мурашка (стаўшы зусім іншым чалавекам). Вядома! (Кідаецца да чамадана і адкрывае яго.) Спачатку ён быў у мяне вельмі грувасткі. Стацыянарны… Потым я зрабіў яго партатыўным. Каб можна было карыстацца ў любых умовах… (Расказваючы ўсё гэта, імгненна разгортвае апаратуру: вымае з чамадана шкалу з вялікай чырвонай стрэлкай і ўстанаўлівае яе на тэлескапічнаіі штанзе, выцягвае з чамадана элегантнае складное бліскучае крэсла. Над спінкай храміраваны да со нечнага зіхацення паўабруч, падобны на той, якім абсталявана кожнае стаматалагічнае крэсла. У глыбіні сцэны ставіць два магутныя дынамікі, затым ужо вымае і вельмі асцярожна ставіць на стол перад міністрам невялікі ярка–чырвоны апарат з бліскучымі тумблерамі, кнопкамі, рычажкамі. Хуценька злучае апарат правадамі з крэслам, дынамікамі і штангай.) Вось і ўсё.
      Вяршыла. Так хутка?
      Мурашка. На зборку патрабуецца не больш сямі—васьмі мінут. Шмат разоў хранаметраваў.
      Вяршыла (з некаторай асцярогай разглядваючы апарат). I ўсё ж мне не зусім зразумела, як ён дзейнічае?..
      Мурашка (паказваючы на храміраваны паўабруч). Вось тут знаходзіцца адзін датчык…
      Папсуева. Значыць, гэты рагач павінен дакрануцца да чалавечай галавы?
      Мурашка. Ага. Датчык павінен увайсці ў непасрэдны кантакт з шэрым рэчывам мозгу…
      Папсуева. Як гэта — непасрэдны?! Вы што? Трэпанацыю чэрапа будзеце кожнаму рабіць?
      Мурашка. Што вы! Не! Датчык улаўлівае біятокі мозгу праз чарапную каробку.
     
      Паўза.
     
      Папсуева. Значыць, падвопытны павінен пакласці галаву на гэтыя вілы?
      Мурашка. Ага…
      Папсуева. А калі ён не захоча рабіць гэта добраахвотна? Вы будзеце прымушаць сілком?
      Мурашка. Не… Я прадугледзеў і такі варыянт. (Націскае кнопку, і металічнае крэсла набывае такое палажэнне, пры якім галава чалавека абавязкова дакранецца да паўабруча.) Я ўжо працую над больш дасканалым апаратам…
      Міралюбаў (з цікавасцю). Чым ён будзе адрознівацца ад гэтага?
      Мурашка. Ён будзе лавіць біятокі мозгу з адлегласці трох–пяці метраў…
      Папсуева. Ну, ведаеце!.. Лавіць біятокі мозгу з–за вугла — супрацьзаконна! Усё роўна што чытаць чужыя пісьмы ці падслухоўваць тэлефонныя размовы! На гэта ў нас ніколі не пойдуць!
      Вяршыла(з некаторай трывогай паказваючы на апарат). А гэты яшчэ не ловіць на адлегласці?
      Мурашка. Гэты — не. Ён працуе па прынцыпу непасрэднага кантакту.
      Міралюбаў (з вялікай цікавасцю разглядаючы апарат). Вы сказалі, што сюды ўманціраваны адзін датчык. (Паказвае на бліскучы паўабруч.) А дзе другі?
      Мурашка (паказвае на цэнтр сядзення крэсла). Другі знаходзіцца вось тут…
      Папсуева (нечакана ўзрываецца). Ну, гэта ўжо чорт ведае што такое! Пры чым тут гэтае месца? Тут жа мазгоў, наколькі я ведаю, няма і быць не можа! Вы ўжо загадзя, знарок праграмуеце непаўнацэннасць чалавека!
      Мурашка. Тут знаходзяцца так званыя адчу вальныя… Вельмі адчувальныя зоны Захарвіна–Хеда…
      Вяршыла. Чые зоны?
      Мурашка. Захарвіна–Хеда… Яны вельмі тонка рэагуюць на малюсенькі дотык… Гэта медыцынскі тэрмін — Захарвіна–Хеда… Біятокі мозгу рухаюцца па пазваночніку. Па спінным мозгу. Уверх ідзе плюс, уніз — мінус…
      Папсуева. Вы ведаеце, адкуль ідзе плюс, адкуль — мінус? Вы ўпэўнены, што не наадварот?
      Мурашка. Праверана шмат разоў. Уніз ідзе толькі мінус…
      Міралюбаў. Было б нелагічна, Тамара Цімафееўна, калі б уніз ішоў плюс, а ўверх — мінус!
      Вяршыла. Растлумачце нам, калі ласка, Мікалай Ягоравіч, прызначэнне гэтай шкалы. На ёй апроч лічбаў ёсць яшчэ і літары…
      Мурашка. Стрэлка на шкале паказвае ўзровень інтэлекту чалавека. Калі яна стаіць на цэнтры, на літары «Н», значыць, «норма». Гома нармаліс…
      Вяршыла. Далей управа літара «Д»…
      Мурашка. Яна стаіць на лічбе «пяцьдзесят». Гэта азначае, што ў чалавеку толькі пяцьдзесят працэнтаў розуму…
      Вяршыла. А астатнія пяцьдзесят?
      Мурашка (вінавата). Дурнота…
      Міралюбаў. Значыць, пяцьдзесят працэнтаў — гэта ўжо «Д»?
      Мурашка. Ага…
      Вяршыла. Ці не занадта строга вы падыходзіце да гома сапіенс?
      Мурашка (вінавата). Гэта не я… Такія міжнародныя стандарты.
      Папсуева. Адкуль вы ведаеце міжнародныя стандарты? За мяжой ужо ёсць аналагічныя апараты?
      Мурашка. Апаратаў няма. Але ёсць спецыяль ная літаратура…
      Папсуева. У чыіх перакладах вы яе чыталі? Дзе, хто і калі яе выдаваў?
      Мурашка. Я чытаў у арыгіналах. У працэсе работы над апаратам я авалодаў англійскай, французскай, нямецкай, кітайскай і хіндзі…
      Міралюбаў (са спачуваннем). А кітайскай і хіндзі навошта?
      Мурашка. Вельмі мудрыя народы…
      Вяршыла (працягваючы вывучаць шкалу). Вось тут у канцы шкалы ў вас стаяць адразу дзве літары «П» і «Д». Што гэта?
      Мурашка (сканфужана). Тое ж самае, што і «Д»… Толькі… у закончаным выглядзе.
      Папсуева (з абурэннем). Такіх, таварыш Мурашка, у нашай краіне няма і быць не можа! «П» і «Д» — гэта ўжо знявага чалавечай асобы!
      Міралюбаў. Прабачце, Тамара Цімафееўна… Я вельмі сумняваюся, што ідыёт можа быць асобай.
      Папсуева. Ягор Фёдаравіч! У нашай краіне кожны чалавек — асоба!
      Міралюбаў. Зладзюга, злачынец — таксама?
      Вяршыла. Таварышы! Таварышы! Вы ўхіліліся ад мэты нашага пасяджэння. Мы з вамі абмяркоўваем канкрэтную вынаходку. I выказвацца мы павінны таксама канкрэтна і дакладна. Абстрактная філасофія тут недарэчы. Мікалай Ягоравіч… А вось гэта, левая частка шкалы… Тут зноў такія ж лічбы і літары «Т» і «Г».
      Мурашка. Адхіленні могуць быць і ў другі бок… «Талент» і «Геній».
     
      Паўза.
     
      Вяршыла (падхапіўшыся). Паслухайце! Гэта ж у прынцыпе мяняе ўсю справу! А я ўвесь час сядзеў і думаў… Што мне карціць? Што мяне непакоіць? Цяпер усё зразумеў! Абсалютна ўсё!
      Мурашка. Даруйце…
      Вяршыла. Чаму вы, Мікалай Ягоравіч, надумаліся вымяраць дурноту?
      Папсуева (яшчэ пе зразумеўшы Вяршылу). Вось іменна! Чаму? I прымушаць праходзіць гэтую зневажальную праверку?!
      Вяршыла. Вы прыходзіце да чалавека і адразу падазраяце ў ім патэнцыяльнага «Д»! А калі ён талент альбо нават геній?
      Папсуева (усё яшчэ не разумеючы Вяршылу). Вось іменна! А ў нас большасць такіх!
      Мурашка (разгублена). Калі невымяраць дурноту, нічога нікому не дакажаш…
      Вяршыла (з натхненнем ад уласнага адкрыц ця). А калі вымяраць на вашым апараце не дурноту, а… мудрасць?!
      Мурашка (яшчэ больш разгублена). Вы хочаце сказаць, што трэба перарабляць апарат?
      Вяршыла. Ні ў якім разе! Усё застаецца, як было! I шкала тая ж самая!.. Толькі трэба гаварыць чалавеку, што мы вымяраем яго мудрасць! Разумееце? Мудрасць!.. «Дурамер»! Фу! Гэта ж гучыць абразліва! Вульгарна! Не дурамер, а мудрамер! Муд–ра–мер!
      Мурашка. А што рабіць са стрэлкай?.. Яна ж усё роўна будзе аб’ектыўна паказваць узровень інтэлекту…
      Вяршыла. I цудоўна! I няхай паказвае! Што яна пакажа? Адхіленне? Адхіленне ад чаго? Ад мудрасці! Не знайшлі мудрасці? Ну і што з таго? Але ж затое мы шукалі яе! Шукалі! I чалавеку прыемна, і аспект зусім іншы! Падумайце… Якога ж узроўню мы дасягнулі, калі пачалі вымяраць мудрасць! Усё! Вырашана! Назавём апарат мудрамерам!
      Міралюбаў. Віктар Паўлавіч… А калі стрэлка пакажа «Д» ці нават, прабачце, «П»–«Д»?
      Вяршыла. Ну і што? Нічога страшнага. Проста чалавеку не хапае трохі мудрасці. Толькі і ўсяго! Мікалай Ягоравіч! На якой лічбе ў вас літара «Д»?
      Мурашка. На лічбе «пяцьдзесят»…
      Вяршыла. Вось так і будзем пісаць: «Таварышу Іванову не хапае пяцідзесяці працэнтаў мудрасці». А хто ведае, колькі яе павінна быць? Трыццаць? Пяцьдзесят? Сто?
      Міралюбаў. Нейкая двайная бухгалтэрыя атрымліваецца…
      Вяршыла. Згодзен. Але яна неабходна. Мы ж не можам напісаць у афіцыйным дакуменце, што рэкамендуем у серыйную вытворчасць нейкі «дурамер»… Што пра нас падумаюць? Што ўсе мы тут трошкі таго… (Круціць пальцам каля скроні.)
      Папсуева. Значыць… Вы ўсё ж хочаце…
      Вяршыла. Назваць дурамер мудрамерам! Нюра! Папраў у пратаколе з самага пачатку. Напішы: «Абмяркоўвалі апарат, які прапанаваў таварыш Мураўёў…»
      Мурашка. Мурашка я…
      Вяршыла. Прабачце!.. «…апарат, які прапанаваў таварыш Мурашка Мікалай Ягоравіч… Пад назвай мудрамер…»
      Папсуева. Віктар Паўлавіч… Вы сапраўды хо чаце рэкамендаваць гэты… кіпяцільнік?
      Вяршыла. А чаму і не, Тамара Цімафееўна?
      Папсуева. А вы ўсё добра прадумалі?
      Вяршыла. Што вы нас палохаеце, Тамара Цімафееўна?
      Папсуева. Зараз зразумееце… Дазвольце задаць некалькі пытанняў таварышу Мурашку…
      Вяршыла. Ну вядома, Тамара Цімафееўна. Сваё рашэнне мы павінны прыняць калегіялыіа.
      Папсуева. Тым больш… Таварыш Мурашка! Вы ўпэўнены, што ўсе людзі пажадаюць сесці ў ваша… электрычнае крэсла? Добраахвотна! Без прымусу!
      Мурашка. Упэўнены. Кожнаму чалавеку хочацца ведаць, хто ён на самай справе. Чаго ён варты? I што ён можа?
      Папсуева. Упэўнены, што кожны зацікаўлены?
      Мурашка. Кожны!.. I дзяржава таксама…
      Папсуева. Я б на вашым месцы ўстрымалася гаварыць ад імя дзяржавы! Хто вам даў такое права?
      Мурашка. Мы выйграем мільярды, калі пасадзім дурняў на іх месца!
      Папсуева. А вы ведаеце, дзе іх месца?.. Нюра! Аб’яві зараз па селектары супрацоўнікам міністэрства… Кожны, хто хоча, можа зайсці ў кабінет міністра і праверыць узровень свайго інтэлекту. (Да Мурашкі.) Колькі часу займае працэдура?
      Мурашка. Некалькі секунд. Апарат рэагуе вельмі тонка…
      Папсуева (да Нюры). Скажы, што гэта зойме ўсяго некалькі секунд.
      Вяршыла. Тамара Цімафееўна! Навошта ж у маім кабінеце рабіць вавілонскае стоўпатварэнне?
      Папсуева. Ніякага стоўпатварэння не будзе. У нас народ дысцыплінаваны. Будзе жывая чарга.
      Вяршыла. Нюра! Растлумач людзям, у чым справа. Каб не падумалі, што гэта новая атэстацыя.
      Нюра (націснуўшы кнопку селектара, у мікрафон). Усе мяне чуюць?
      Галасы з дынаміка.
      — Усе!
      — Што здарылася, Нюрачка?
      — Шэф выклікае?
      — Для чарговай накачкі?
      Нюра. Увага ўсім! Зараз у кабінеце Віктара Паўлавіча знаходзіцца вынаходнік Мікалай Ягоравіч Мурашка. Ён стварыў апарат, на якім за некалькі секунд можна праверыць узровень свайго інтэлекту, сваіх здольнасцей і магчымасцей. Кожны, хто жадае, можа зайсці сюды і праверыцца. (Паўза.) Вы мяне зразумелі?
     
      Паўза.
     
      Галасы з дынаміка.
      — А навошта гэта?
      — Для якой мэты?
      — Гэта загад ці просьба?
      — Ні фіга сабе!
      Нюра. Віктар Паўлавіч запрашае толькі тых, хто жадае. (Выключае селектар.)
      Вяршыла. Дзякую, Нюра. Паглядайце, каб у прыёмнай быў парадак.
      Першая тэлефаністка. У яго зараз людзі… Вельмі важнае пытанне… Дзяржаўнага значэння. Пазваніце ў канцы дня.
      Другая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Ужо трэці раз звоняць з міністэрства здароўя!
      Вяршыла. Па якім пытанні?
      Другая тэлефаністка. Пытаюць, што рабіць са спаборніцтвам хірургаў? Які паказчык лічыць самым галоўным? Колькасць аперацый ці колькасць тых, хто выжыў пасля аперацыі?
     
      Паўза.
      Вяршыла задумаўся.
     
      Вяршыла. Ну, вядома, колькасць аперацый! Хірург не вінаваты, калі нехта памрэ пасля аперацыі. Можа, хворы быў ужо ў безнадзейным стане?
      Другая тэлефаністка. А калі памрэ ў час аперацыі?
      Вяршыла. Такую аперацыю ў спаборніцтве не залічваць. Ставіць прочырк. Зіна! Гаварыце ўсім, што я заняты!.. Калі ласка, Тамара Цімафееўна. Працягвайце…
      Папсуева. Адкажыце мне, таварыш Мурашка, на такое пытанне… Ну, запусцім мы гэты ваш… градуснік у серыю… Дапусцім нават такое, што справа дойдзе да масавай праверкі… Дапусцім, што мы выявім гэтых самых… непаўнацэнных… А што далей рабіць? Звальняць іх з работы?
      Мурашка (горача). Абавязкова! Для таго ж я і прыдумаў свой апарат! Для ўсеагульнай масавай чысткі! Хай зямля гарыць у дурняў пад нагамі!
      Папсуева. Нават так? Не ведаю, не ведаю… За невыкананне плана… За маральнае разлажэнне зды маюць. А вось каб за дурноту… Такое не памятаю…
      Міралюбаў (пакрысе заводзіцца). Таму што раней, Тамара Цімафееўна, не ведалі — разумны ён ці…
      Папсуева. Добра, добра, Ягор Фёдаравіч! Ну, выкрылі вы яго, так сказаць, і звонку і знутры. Нават знялі з пасады. Яму ж трэба адразу даваць другую пасаду! За яго гарой прафсаюзы паўстануць. Наша заканадаўства не прадугледжвае пакарання за… адсутнасць некаторай часткі мудрасці. Не дасцё ім ніякай работы — яны ўзбунтуюцца. Беспрацоўныя заўсёды бунтуюць. Вось я і пытаю… Што вы будзеце з імі рабіць?
      Мурашка (нерашуча). Можна адкрыць для іх курсы павышэння кваліфікацыі…
      Папсуева. Лікбез? Школы! Універсітэты! Акадэміі!.. Каб усіх перавучыць? Адкуль узяць сродкі? Пры нашым напружаным бюджэце!.. (Паўза.) Бачыце, таварыш Мурашка, якую праблему вы нам падкідваеце? Цяпер у нас усё ціха, спакойна. Дурняў нібыта і зусім няма…
      Вяршыла. Давайце дамовімся… Мы ж інтэлігентныя людзі!.. Не будзем ужываць у размове гэтае непрыгожае слова! Будзем называць іх, ну, ска жам… «кліентамі».
      Папсуева. Прабачце!.. «Кліентаў» нібыта і зусім няма. I ўсе задаволены…
      Міралюбаў. Значыць, будзем жыць па–ранейшаму! Як страусы!
      Папсуева. Як страусы!.. Даведайся мы — і адразу ўзнікне столькі праблем!..
      Вяршыла. Ну, Тамара Цімафееўна… Вы ўжо зусім нас запалохалі!
      Папсуева. Не, Віктар Паўлавіч… Я вас не палохаю. Я вас чэсна папярэджваю… А вазьміце вы праблему ў больш канкрэтным ракурсе, з другога боку… Дапусцім, што наладзім мы выпуск гэтых самавараў… Ну і што? Хто іх купіць? Дзяржава? Прыватныя асобы?
      Міралюбаў. Усе купяць!
      Папсуева. Не будзьце наіўнымі, Ягор Фёдаравіч!
      Міралюбаў. На экспарт будзем пастаўляць! За валюту! За долары!
      Папсуева. Там збыту не будзе. За мяжой дурань… Прабачце!.. «Кліент» доўга не пратрымаецца. Там яго адразу раскусяць. Воўчыя законы! Канкурэнцыя…
      Вяршыла. Тамара Цімафееўна! Не чапайце міжнародныя праблемы! Яны і без таго складаныя. Вернемся да нашых, унутраных… Нюра! Скажы там, у прыёмнай… Няхай заходзяць па чарзе.
     
      Нюра выходзіць.
     
      Папсуева. Хто будзе правяраць?
      Вяршыла. Як хто? Мы з вамі.
      Папсуева. Не! Я маю на ўвазе масавую праверку. Пасля таго як ваш прымус будзе зроблены. Калі будзе зроблены… На каго ўскласці такія адказныя функцыі? На прафсаюзы? Не справяцца! На народны кантроль? Яму народных пісьмаў хапае! Значыць, трэба ствараць яшчэ адзін вельмі адказны орган. У той час, калі мы скарачаем штаты!..
      Першая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Даруйце… 3 міністэрства школ.
      Вяршыла. Што яны хочуць узгадніць? ГІадручнікі, ранцы, партфелі, форму, прычоскі мы ўжо даўно зацвердзілі.
      Першая тэлефаністка. Яны пытаюць… Спаць першакласнікам у школе ці не спаць?
      Вяршыла. Спаць? У школе?! Яны што там? Звар’яцелі? У школе трэба вучыцца! Веды набываць! А не спаць!
      Першая тэлефаністка. Дык гэта ж першаклашкі, Віктар Паўлавіч! Шасцігодкі. У дзіцячым садзе ў такім узросце спяць пасля абеду.
     
      Паўза.
     
      Вяршыла. Скажыце, няхай спяць. Дзеці — наша будучыня. Яны павінны быць здаровымі. Іх трэба берагчы.
      Першая тэлефаністка. Яны пытаюць яшчэ, дзе паставіць ложкі? Спальні ж у школе не прадугледжаны…
      Вяршыла (нарэшце не вытпрымлівае і ўзрываецца). Дзе?! У сябе на галаве!!! Пакуль дзеці будуць спаць, няхай стаяць нерухома, як слупы! I трымаюць ложкі!..
     
      Уваходзіць разгубленая Нюра.
     
      Нюра. Нікога няма, Віктар Паўлавіч. Толькі наведвальнікі…
      Вяршыла. Як нікога! Можа, селектар быў не ўключаны?
      Нюра. Ды не, усе ж адказвалі. Вы самі чулі.
      Вяршыла. Можа, няправільна зразумелі? Нюра, абыдзі, калі ласка, усе аддзелы і ўпраўленні. Запрасі сюды ўсіх жадаючых. Толькі жадаючых! Ніякай агітацыі. Ніякага прымусу.
     
      Нюра выходзіць.
     
      Папсуева. I потым… 3 іх жа смяяцца будуць! Здзекавацца!
      Вяршыла (не зразумеўшы). 3 каго смяяцца?
      Папсуева. 3 «кліентаў». Гэта ўнясе разлад у наша маналітнае грамадства! Раздоры! Антаганізм! Не бяруся нават прадказваць. Страшна падумаць!..
      Міралюбаў. Паслухаць вас, Тамара Цімафееўна, дык можна падумаць, што палавіна нашага грамадства — «кліенты»!
      Папсуева. Не, чаму ж… Ёсць, вядома, і геніі. Можа, нават і ў нашым міністэрстве. Але зараз яны не ведаюць, што яны геніі, і спакойна працуюць. А калі даведаюцца? Яны ж запатрабуюць павялічыць ім зарплату. Як мінімум у два–тры разы! А ў нас штатны расклад, фонд заработнай платы. Каб трымаць аднаго генія, прыйдзецца скараціць адзін, а то і два аддзелы!..
      Вяршыла. Я не згодзен з вамі, Тамара Цімафееўна! Вы дагаварыліся да таго, што і геніі нам не патрэбны! Лепш адзін геній, чым два ці тры аддзелы!
      Папсуева. Віктар Паўлавіч… Возьмеце вы гэты… тэрмастат дадому? Каб праверыць, скажам, жонку?
      Вяршыла (крыху сумеўшыся ад нечаканасці). А што? Гэта нават цікава…
      Папсуева. Вы так думаеце? А калі высветліцца, што ваша жонка разумнейшая за вас? Ну, не на пяцьдзесят… А на дваццаць пяць працэнтаў? Ці толькі на пятнаццаць? Толькі на пятнаццаць! Яна ж даведаецца пра гэта!
      Вяршыла (схамянуўшыся, шчыра). Жудасць.
      Папсуева. А калі высветліцца, што вы разумнейшыя за яе працэнтаў на пяцьдзесят?
      Вяршыла. Гэта ўжо лепш…
      Папсуева. Лепш? У сто разоў горш! Ваша жыццё зробіцца пеклам! Вы ж згрызяце сябе! Чаму такую недарэку–лахудру ў жонкі ўзяў? Чаму на ёй свет клінам сышоўся? А я — міністр! Я ж бы мог ажаніцца з доктарам навук!.. I ўсё. Канец сямейнай ячэйцы. А на ячэйках, між іншым, уся наша дзяржава трымаецца…
      Міралюбаў. Вы — дэмагог, Тамара Цімафееўна!.. Рэактыўны самалёт не трэба было рабіць! Можна зваліцца і разбіцца! Атам не трэба было расшчапляць! Можна ўзарвацца! Смерць тэлевізару! Ад яго можна аслепнуць!.. Далоў тэлефон! Ён губіць жывыя, непасрэдныя сустрэчы!..
      Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Мы сабраліся для таго, каб выслухаць розныя думкі.
      Міралюбаў. Хіба гэта думкі? Гэта ж нейкае цемрашальства!
      Вяршыла. Не трэба, Ягор Фёдаравіч. Супакойцеся.
      Міралюбаў. Не магу я супакоіцца!
      Папсуева (спакойна). Я не дэмагог, Ягор Фёдаравіч. Я — рэаліст. А вы — карась–ідэаліст! Дон Кіхот!.. Вы не ведаеце ні сучаснага жыцця, ні сучасных людзей… Віктар Паўлавіч… У вас ёсць добра знаёмы дырэктар завода адпаведнага профілю?
      Вяршыла. Вядома, ёсць. Сябра маленства і юнацтва. На адной парце дзесяць гадоў сядзелі…
      Папсуева. Спытайце ў яго, ці возьмецца ён за выпуск гэтага вашага… керагаза.
      Вяршыла (тэлефаністкам). Злучыце мяне з Какашынскім. 64–17–31. (Здымае трубку і чакае.) Прывітанне, Леў Сяргеевіч!.. Як у цябе з загрузкай абсталявання?
      Голас з дынаміка. Нармальна. Уперад не лезем і ззаду не застаемся. А што?
      Вяршыла. Ці можна размясціць на тваім заводзе адзін вельмі цікавы і перспектыўны апарат? Не складаны для асваення…
      Голас з дынаміка. Вага?
      Вяршыла. Вага чаго?
      Голас з дынаміка. Твайго апарата!
      Вяршыла (прыкрыўшы далонню трубку, шэп там пытаецца). Колькі важыць ваш апарат?
      Мурашка (таксама шэптам). Трыццаць пяць кілаграмаў!
      Вяршыла (па тэлефоне). Трыццаць пяць кілаграмаў!
      Голас з дынаміка. Рэалізацыйная цана?
      Вяршыла (шэптам). Колькі арыенціровачна ён будзе каштаваць?
      Мурашка (шэптам). Не больш як трыста рублёў.
      Вяршыла (па тэлефоне). Не больш як трыста рублёў…
      Голас з дынаміка. Жартаўнік ты, Віктар Паўлавіч! У мяне падлік ідзе на тысячы тон і на дзесяткі мільёнаў рублёў. А ты што хочаш мне падсунуць?
      Вяршыла. Ты хоць бы спытаў, што за апарат?
      Голас з дынаміка. Не мае значэння! Хоць перпетуум — мобіле. 3 мяне здымаюць скуру за тоны і мільёны!
      Вяршыла. Апарат незвычайны! Дзівосны! I ўсім патрэбен! Табе таксама.
      Голас з дынаміка. Гэта ўжо лірыка, Віктар Паўлавіч. Вось скажы мне асвоіць верталёт ці падводную лодку — за тыдзень асвоім. А трыццаць пяць кілаграмаў не пад сілу. Не пацягну!.. Прабач, у мяне нарада тэхнолагаў. Вітаю!
     
      Паўза.
     
      Папсуева. Ну што, Віктар Паўлавіч?
      Вяршыла. Прадпрыемства мы знойдзем. Не ў цяжкай, дык у лёгкай прамысловасці. Пусцім па графе «тавары народнага спажывання».
      Папсуева. А хто будзе заказчыкам?
     
      Уваходзіць разгубленая Нюра.
     
      Нюра. Нікога няма, Віктар Паўлавіч… Ніводнага чалавека! Усе кабінеты пустыя…
     
      Паўза.
     
      Вяршыла. А дзе яны?
      Нюра. Не ведаю… Зніклі кудысьці.
      Вяршыла. Як гэта зніклі? Усе?
      Нюра. Усе…
      Вяршыла. I члены калегіі таксама?
      Нюра. I члены калегіі…
      Вяршыла. Дзіўна… Можа, яны на прафсаюз ным сходзе?
      Папсуева (з сарказмам). Або на канцэрце мастацкай самадзейнасці!..
      Вяршыла. Пакіньце вашы жартачкі, Тамара Цімафееўна!.. Да абедзеннага перапынку яшчэ гадзіна, а людзей ужо няма!
      Папсуева. Я не здзіўлюся, калі праз гадзіну наша міністэрства ўспыхне, як бочка з порахам! Ад кароткага замыкання, шаравой маланкі, вібрацыі ці гравітацыі! I мы ператворымся ў попел разам з гэтай (паказвае на крэсла, апарат і дынамікі)… фігай.
      Вяршыла (ледзь стрымлівае сябе). Будзем заканчваць абмеркаванне. Вы, Тамара Цімафееўна, як я разумею, — супраць?
      Папсуева. Як кожны разумны чалавек на маім месцы. Катэгарычна!
      Міралюбаў. Значыць, вы, Тамара Цімафееўна, — разумны чалавек? Гома сапіенс? А ўсе мы — малпы! Папугаі! Кракадзілы?! (Пачынае лічыць, каб супакоіцца.) Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем…
      Вяршыла. Спакойна, Ягор Фёдаравіч! Не забывайце, што Тамара Цімафееўна — намеснік па пярэчаннях. I мы яшчэ раз пераканаліся, што яна не дарма есць свой хлеб…
      Міралюбаў. За тое, што Тамара Цімафееўна піша «забараняю!» — у яе адны падзякі! За тое, што я пішу «дазваляю!» — у мяне адны вымовы! Сем строгіх з апошнім папярэджаннем! Адзінаццаць строгіх з занясеннем. Без занясенняў я ўжо і не лічу!..
      Папсуева (са здзекам). Кожнаму сваё, Ягор Фёдаравіч!
      Міралюбаў. Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць… дзевяць… Віктар Паўлавіч! Я хацеў бы ведаць! Чаму чалавека не садзяць у турму, не вешаюць, не расстрэльваюць за тое, што ён забараняе? Чаму яго з усіх бакоў абсыпаюць падзякамі за тое, што ён губіць? Думкі! Прапановы! Ідэі! Вынаходніцтвы!
      Папсуева (з іроніяй). Вы мяне маеце на ўвазе, Ягор Фёдаравіч?
      Міралюбаў. У тым ліку і вас, Тамара Цімафееўна!
      Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Тут не месца выра шаць такія пытанні.
      Міралюбаў. А дзе месца? Дзе? Скажыце! I я туды адразу ж пабягу! Палячу! Папаўзу! Адзін, два, тры, чатыры, пяць…
      Другая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Пяты раз звоняць будаўнікі.
      Вяршыла. Скажыце, што я заняты! Што мяне няма!
      Другая тэлефаністка. Але яны ведаюць, што вы тут і што вы прымаеце наведвальнікаў.
      Вяршыла. Тады скажыце ім, што я… памёр!
      Другая тэлефаністка (разгублена). Так прама і сказаць?
      Вяршыла. Так прама і скажыце. Узяў і памёр! Часова…
      Другая тэлефаністка (па тэлефоне). Вы ведаеце… Ён памёр… Узяў і памёр… Часова…
      Вяршыла. Проста канец свету! Не хочуць думаць! Не хочуць ні за што адказваць! Кожны другі ідзе на работу, а галаву дома пакідае! (П’е ваду з графіна.) Прабачце… Ягор Фёдаравіч, вы за апарат?
      Міралюбаў. Аберуч! Гэта адкрыццё веку! Электрычнасць, лазер і атамная энергія, разам узя тыя!
      Папсуева. Нарываецеся на чарговую вымову, Ягор Фёдаравіч. Не хапае ранейшых?
      Міралюбаў. А хоць сто!.. Мы з вамі разглагольствуем пра перабудову дзяржавы! Свету! Сусвету! А пачынаць трэба з чалавека! Хто ён? Наво шта ён? Што ён можа?
      Папсуева. I «кліентаў» перарабляць будзеце?
      Міралюбаў. Ідыётаў — таксама, Тамара Цімафееўна. Трэба ад іх пазбаўляцца! Любымі сродкамі!
      Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Мы ж дамовіліся не ўжываць абразлівых тэрмінаў!
      Міралюбаў. Хопіць! Набалбаталіся! Будзем называць рэчы сваімі імёнамі! Або мы іх! Або яны нас! Міру паміж намі быць не можа!
      Папсуева. Я на вашым месцы, Ягор Фёдаравіч, не была б такой катэгарычнай. Пры сучаснай дэмаграфічнай сітуацыі… «Кліенты» неабходны нам, як лакмусавая паперка. Адкуль разумны будзе ведаць, што ён разумны, калі побач не будзе… «кліента»?
      Міралюбаў. Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць… дзевяць… (Спакойна.) Усё, Віктар Паўлавіч… Вы сказалі, што абмеркаванне закончана. Я не разумею, чаму вы цягнеце…
      Папсуева. Вы нават не ўяўляеце, на што вы замахнуліся!
      Вяршыла. Тамара Цімафееўна… Вы непаслядоўныя. Спачатку вы заяўлялі, што «кліентаў» у нас зусім няма! Што ў нас адны толькі асобы, таленты і геніі. Цяпер вы намякаеце на дэмаграфічную сітуацыю. Дык усё ж… Ёсць «кліенты» ці няма іх? Калі ёсць, то мудрамер патрэбен. Калі іх няма, то і мудрамера баяцца не трэба!
      Папсуева (упершыню разгубілася). Я пра вы гады дзяржавы клапачуся…
      Міралюбаў. Якія выгады, Тамара Цімафееўна? Яны ж, гэтыя… «кліенты», краіну спусташаюць! Каб не яны, мы б ужо даўно ў камунізме жылі!
      Папсуева. Вы такімі словамі, Ягор Фёдаравіч, не кідайцеся…
      Міралюбаў. Я хутка камяні буду кідаць! Гранаты! Бомбы!
      Вяршыла (страціўшы цярпенне). Хопіць!.. Спыняю спрэчкі! Будзем зацвярджаць і рэкамендаваць.
      Папсуева. Што рэкамендаваць? Ката ў мяшку?
      Другая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Прабачце… Зноў будаўнікі! Яны звоняць бесперапынна.
      Вяршыла. Вы сказалі ім, што я памёр?
      Другая тэлефаністка. Яны кажуць: жы вога ці мёртвага, але давайце.
      Вяршыла. Божа мой! Нават памерці спакойна не дадуць!.. Скажыце ім, што на гэты раз я планы карэкціраваць не буду! Не тыя часы!
      Другая тэлефаністка. У іх ЧП, Віктар Паўлавіч!..
      Вяршыла. Ат! У іх кожны дзень ЧП! Цэгла ёсць — раствору няма! Раствор ёсць — цэглу не падвезлі! Або санвузел замест кухні паставілі!
      Другая тэлефаністка. Не, Віктар Паўлавіч… У іх палац абваліўся. Ад даху да падмурка…
      Вяршыла (спачатку не ўсвядоміўшы пачутага). Ат! Падумаеш! На дзень раней ці на дзень пазней… (Паўза.) Які палац?
      Другая тэлефаністка. Той, што на паўгода раней тэрміну пабудавалі. Ну, памятаеце, пра яго ўсе газеты пісалі, тэлебачанне паказвала. Нават у праграме «Час»…
      Вяршыла. Наколькі я ведаю… У такіх выпадках ствараюць спецыяльныя камісіі для расследавання прычын…
      Другая тэлефаністка. Дык вось старшыня гэтай камісіі і звоніць вам.
      Вяршыла. Цікава, што яму ад мяне трэба? Ён прычыну знайшоў?
      Другая тэлефаністка. Знайшоў. Дужа многа зэканомілі.
      Вяршыла. А эканомію куды падзелі?
      Другая тэлефаністка. На прэміі пайшла…
      Вяршыла. I міністр узвядзення гмахаў так сама атрымаў?
      Другая тэлефаністка. I міністр…
      Вяршыла. Колькі?
     
      Тэлефаністка піша лічбу на паперы і моўчкі падае яе Вяршылу.
     
      Другая тэлефаністка. Ён нетолькі прэмію, ён яшчэ і ордэн за гэты палац атрымаў.
      Вяршыла. Дык што хоча ад мяне старшыня камісіі? Ён павінен званіць не мне, а пракурору! Самаму галоўнаму! Самаму генеральнаму!
      Другая тэлефаністка. Ён не ведае, што рабіць з прэміяй…
      Вяршыла (крычыць). Рабацяг не чапаць! Яны не вінаватыя! Яны выконвалі загад! А ў міністра прэмію адабраць! I… ордэн таксама…
      Другая тэлефаністка. Нельга адабраць, Віктар Паўлавіч. Міністра няма.
      Вяршыла. Як гэта няма? А дзе ён?
      Другая тэлефаністка. Пайшоў на павышэнне.
      Вяршыла. Куды?
     
      Тэлефаністка зноў піша нейкае слова на паперы і моўчкі падае яе Вяршылу. Той, азірнуўшыся, хуценька спальвае над сталом, як шыфраграмы, абедзве запіскі. Здымае пінжак, акуратна вешае яго на спінку крэсла.
     
      Ягор Фёдаравіч… Падыдзіце да мяне, калі ласка… Бліжэй… Не бойцеся, я вас не ўкушу… Ягор Фёдаравіч, я прашу вас… Ушчыпніце мяне…
     
      Міралюбаў, нічога не разумеючы, бездапаможна азіраецца на прысутных.
     
      Я вам загадваю, Ягор Фёдаравіч! Ушчыпніце мяне!
      Міралюбаў (страшэнна разгублены). Ушчыпнуць міністра… Нават па загаду… Прабачце, я не магу…
     
      Тады рашуча ўзнімаецца Папсуева, адсоўвае ўбок Міралюбава і з усяе сілы шчыпае Вяршылу за руку. Вяршыла нечакана рагоча дзікім, вар’яцкім смехам.
     
      Вяршыла (раптоўна абарваўшы смех). Адключыць усе тэлефоны! Абрэзаць усе правады! Пакуль мы не закончым абмеркаванне! Нас няма! Мы памерлі! Усе да аднаго! (Паўза.) Мікалай Ягоравіч, у вас усё гатова для эксперымента?
      Мурашка. Апарат гатоў. Можна пачынаць.
      Міралюбаў. Я прапаную зрабіць перапынак. У мяне валідол у стале застаўся…
      Вяршыла. Добра… Аб’яўляю перапынак на пятнаццаць мінут!
     
     
      Частка другая
     
      Той жа кабінет міністра ўзгадненняў. Нюра, тэлефаністкі, абступіўшы мудрамер, разглядаюць яго, мацаюць рукамі, шэптам размаўляюць між сабой. Убачыўшы, што ідзе Мурашка, разбягаюцца і займаюць свае месцы.
      Уваходзяць Папсуева, Вяршыла і Міралюбаў. Садзяцца.
     
      Вяршыла. Можна пачынаць, Мікалай Ягоравіч?
      Мурашка. Можна, Віктар Паўлавіч…
      Вяршыла. Ну, хто першы? (Паўза.) Добр ахвотнікі ёсць?
      Папсуева (здзіўлена). Выхочаце пачаць з нас?
      Вяршыла. А з каго? Паколькі ўсе нашы супрацоўнікі некуды зніклі, пакажам прыклад мы… Сядайце, Тамара Цімафееўна!
      Папсуева. Я?! Гэта вы мне?
      Вяршыла. Вам, вам, Тамара Цімафееўна! Вы — мой першы намеснік. Таму з вас і пачнём. Тым больш што вы самі прапанавалі не купляць ката ў мяшку.
      Папсуева. Вы сумняваецеся ў маёй прафесій най кампетэнтнасці? У маіх здольнасцях?
      Вяршыла. Іменна таму, што я не сумняваюся ні ў вашых здольнасцях, ні ў вашай кампетэнцыі, Тамара Цімафееўна, з вас і пачнём. Вы так бліскуча даказалі сваю эрудыцыю. Столькі аргументаў пры вялі ў абарону сваёй пазіцыі… Вы для ўсіх нас будзеце… як вы сказалі? Лакмусавай паперкай! У лепшым сэнсе слова.
      Папсуева. Але ж і Ягор Фёдаравіч…
      Вяршыла. Ягор Фёдаравіч! Адны эмоцыі! Сваімі аргументамі вы загналі яго ў вугал. Прабачце, Ягор Фёдаравіч. Але я хачу быць аб’ектыўным.
      Міралюбаў. Згодзен з вамі, Віктар Паўлавіч. Уся мая аргументацыя не варта пазногця на мезенчыку Тамары Цімафееўны!
      Папсуева. У рэшце рэшт, я — жанчына! Можа, вы загадаеце і распрануцца перад вамі?
      Вяршыла. Мікалай Ягоравіч, распранацца для кантролю не трэба?
      Мурашка. Не. Апарат ловіць біятокі праз адзенне.
      Вяршыла. Чуеце, Тамара Цімафееўна? Рас пранацца не трэба.
      Папсуева. Я блізарукая. Я не бачу адсюль ні шкалы, ні стрэлкі. А мне хацелася б самой…
      Міралюбаў. Я пастаўлю крэсла перад самай шкалой.
      Мурашка (збянтэжана). Прашу прабачэння… Я не папярэдзіў… Апарат мае гукавую сігналізацыю…
      Вяршыла. Якую сігналізацыю?
      Мурашка. Музычную.
      Вяршыла. Растлумачце.
      Мурашка. Усё вельмі проста… На пэўным участку шкалы гучыць пэўная музыка. Адначасова з лічбамі—паказчыкамі яна абазначае ўзровень ін тэлекту.
      Вяршыла. Цікава! Які ў вас рэпертуар?
      Мурашка. Класічны… 3 маленства люблю класіку. Чыстую, сапраўдную. Не ў сучаснай аранжыроўцы.
      Вяршыла. Гэта вы здорава прыдумалі! Значыць, я, седзячы за гэтым сталом, магу пачуць… Хто ёсць хто?
      Мурашка. Іменна так.
      Вяршыла. Што ў вас азначае літара «Н»?
      Мурашка. Норма. Гома нармаліс…
      Вяршыла. I што будзе іграць гэтая літара?
      Мурашка. Танец маленькіх лебедзяў з балета Пятра Ільіча Чайкоўскага «Лебядзінае возера».
      Вяршыла. У вас нядрэнны густ. Ну, а калі дойдзе да літары «Д»?.. Ну, калі трапіцца чалавек… з адсутнасцю некаторай часткі мудрасці?
      Мурашка. Міхал Клеафас Агінскі. Паланез «Развітанне з радзімай»…
      Вяршыла. Ну, навошта ж вы, Мікалай Ягоравіч, такую цудоўную музыку аддалі літары «Д»?
      Мурашка (канфузліва). Бачыце, Віктар Паўлавіч… Я ў кожны музычны сігнал заклаў падтэкст…
      Вяршыла. Ну, які ж падтэкст можа быць у лі тары «Д»?
      Мурашка. Падтэкст развітання…
      Вяршыла. Развітання з радзімай?
      Мурашка. Не… Развітанне з пасадай, са сваёй ранейшай працай… 3 пэўнымі матэрыяльнымі дабротамі. Такое развітанне крышку сумнаватае…
      Вяршыла. Вы лічыце, што яму ўсё ж прыйдзецца развітвацца?
      Мурашка. Упэўнены. Інакш навошта ж праверка?
     
      Паўза.
     
      Вяршыла. Хм… Увогуле нейкая рацыя ў вашым рэпертуары ёсць… Ну, а літары «П» і «Д»… Поўны «кліент»… Як будзе ён гучаць?
      Мурашка. На гэтых літарах у мяне запраграмаваны туш.
      Вяршыла. Дзе ж логіка? На літары проста «Д» у вас паланез Агінскага. А на «ПД» — туш!.. Туш — гэта ж гімн! Яго іграюць толькі на ўрачыстасцях! На святах!
      Мурашка. Я думаў, што выкрыць «ПД» — гэта таксама свята…
      Вяршыла. Якое ж тут свята? Чаму радавацца?
      Мурашка (збянтэжана). Свята розуму… Вы шэйшай справядлівасці.
      Вяршыла (сваім намеснікам). Як на вашу думку? Логіка ў гэтым ёсць?
      Папсуева. Лухта несусветная!
      Міралюбаў. Выдатна задумана! Брава!
      Вяршыла. Так… Пяройдзем на левую палавіну шкалы. «Т». Гэта што?
      Мурашка. Талент…
      Вяршыла. А «Г»?
      Мурашка. Геній…
      Вяршыла. Як у вас агучан талент?
      Мурашка. Аляксандр Парфіравіч Барадзін. Арыя князя Ігара «О, дайце, дайце мне свабоду!». 3 оперы «Князь Ігар».
      Вяршыла. Падтэкст зразумелы без тлумачэн няў… А чым вы зарадзілі літару «Г»?
      Мурашка. Міхаіл Іванавіч Глінка. «Слаўся!»
      Вяршыла (не адразу). Вы можаце зараз прадэманстраваць, як гэта ўсё гучыць?
      Мурашка. Ухаластую датчыкі не ўключаюцца. Камусьці з вас трэба сесці ў гэтае крэсла.
      Вяршыла. Ну што, Тамара Цімафееўна? Апро буйце рэпертуар!
      Папсуева. Віктар Паўлавіч! Вы ведаеце мяне ўжо не адзін год. Ведаеце, што ў мяне вышэйшая адукацыя!.. Прэміі, граматы, падзякі! Нават урадавыя ўзнагароды! I вы ўсё яшчэ мне не давяраеце? Сумняваецеся?
      Вяршыла. Іменна таму, што не сумняваюся, я і прапаную пачаць з вас. Я, напрыклад, упэўнены, што апарат выдасць вам «Т» або нават «Г».
      Папсуева. Я ж вам сказала… Я — жанчына!
      Вяршыла. Так… А некалі, у добрыя старыя часы, урачы нават халеру і чуму на сабе выпрабоўвалі… Можа, вы рызыкнеце, Ягор Фёдаравіч?
      Міралюбаў. На даным этапе, Віктар Паўлавіч, мне гэта супрацьпаказана.
      Вяршыла. Чаму? I вы баіцёся?
      Міралюбаў. Не, Віктар Паўлавіч, не баюся… Але я зараз знаходжуся ў такім заведзеным стане… Сёння ў мяне полюсы памяняліся… Увесь плюс уніз пайшоў. А ўверх — мінус… Баюся скампраметаваць апарат.
      Вяршыла. Так… значыць, і вы выйшлі з гульні… Нюра! Ты збіраешся паступаць ва універсітэт. Не хочаш праверыць сябе перад паступленнем?
      Нюра. Не, Віктар Паўлавіч.
      Вяршыла. Чаму? Ты ж разумніца! 3 паўслова ўсё разумееш! 3 табой працаваць адна асалода!
      Нюра. Памыляецеся, Віктар Паўлавіч. Я — вар’ятка…
      Вяршыла. Нюра! Гэта ж… самапаклёп.
      Нюра. Не, не паклёп, Віктар Паўлавіч… Я люблю чалавека… А ў яго сям’я, дзеці… Ён мяне зусім не любіць. I не палюбіць ніколі… Я гэта ведаю. I ўсё роўна жыць без яго не магу… (Раптпам ускочыла і выбегла.)
      Вяршыла. Так… Ну што ж… Нічога не застаецца…
     
      Паўза.
     
      Першым у крэсла сяду я… А вы ўслед за мной! (Узнімаецца без асаблівага эншузіязму.)
      Папсуева (становіцца перад крэслам). Я вам гэта не дазволю.
      Вяршыла (здзіўлена). Тамара ЦімафееўнаІ Ну, што вы баяліся за сябе, я разумею… А чаму вы баіцёся за мяне?.. Паколькі вы не хочаце быць лакмусавай паперкай, ёю буду я! (Робіць крок да крэсла.)
      Папсуева. Толькі цераз мой труп!
      Вяршыла. Што з вамі, Тамара Цімафееўна? Адкуль такі страх?
      Папсуева. Я баюся не за вас!
      Вяршыла. Аза каго? За мудрамер?
      Папсуева. За тую высокую інстанцыю, якая… назначыла вас міністрам!
      Вяршыла. Не разумею…
      Папсуева. Ніхто, у тым ліку вы самі, не мае права сумнявацца ў правільнасці рашэння гэтай інстанцыі! Калі вас назначылі — значыць, вы таго варты!..
      Вяршыла (не адразу). Нас усіх назначылі сюды…
      Папсуева. Іменна! Таму ніхто з нас не мае права верыць нейкаму сепаратару больш, чым… Ніхто! Інакш мы можам дакаціцца чорт ведае да чаго!..
     
      Вяршыла з палёгкай садзіцца ў сваё міністэрскае крэсла і згаджаецца з Папсуевай, хоць выгляду не падае. Уваходзіць Нюра і сядае за свой стол. Хавае мокрыя вочы.
     
      Вяршыла. Што ж рабіць у такім разе? Апарат мы абавязаны праверыць… Каб даць сваё заключэнне. Мы сваімі вачамі павінны бачыць яго ў рабоце!
      Папсуева (адчуўшы, што небяспека адсту піла). Ёсць прапанова… У вашай прыёмнай наведвальнікі. Вось давайце іх і праверым!
     
      Паўза.
     
      Вяршыла. А калі яны не дадуць згоды?
      Папсуева. Трэба зрабіць так, каб яны не зда гадаліся, што гэта праверка.
      Вяршыла (падумаўшы). Рабіць гэта тайна, не папярэдзіўшы… Нядобра!.. Нават на магнітафон нельга запісваць чалавека, калі ён не ведае…
      Папсуева. Але ж гэта не афіцыйная праверка! Вынікі яе застануцца паміж намі! Мы ім ходу не дадзім!
     
      Паўза.
     
      Вяршыла. Можа, правядзём гэтую працэдуру ў вашым кабінеце?
      Папсуева. Можна і ў маім. Але ж яны запісаліся на прыём да вас. I ведаюць, што вы пачалі прыём.
     
      Паўза. Вяршыла думае.
     
      Вяршыла. Добра… Прымаем такое рашэнне… Мы займаемся сваёй справай, а таварыш Мурашка — сваёй…
      Мурашка. Віктар Паўлавіч! Мне трэба, каб кожны абавязкова сеў у крэсла з датчыкамі.
      Папсуева. Ну, гэта не праблема. Ягор Фёдаравіч! Адсуньце ад стала мяккія крэслы і пастаўце гэтае…
     
      Міралюбаў і Мурашка коцяць мяккія крэслы ў куткі кабінета. Мурашка ставіць сваё крэсла каля стала, правярае правады.
     
      Вяршыла. Мікалай Ягоравіч… Каб не кідацца ў вочы і не выклікаць падазрэння… Сядзьце крыху далей. Вунь за той столік. Вам будзе зручна?
      Мурашка. Безумоўна. (Садзіцца за столік у глыбіні сцэны.)
      Міралюбаў (адчуваючы сябе ніякавата, як і Вяршыла). Можа, нам увогуле пайсці?
      Вяршыла. А хто будзе пратакол падпісваць? Мы павінны засведчыць усё, што адбудзецца, калегіяльна!.. Нюра, з каго пачнём?
      Нюра. Відаць, з бабулі. Восемдзесят два гады. I прыйшла яна самая першая.
      Вяршыла. Восемдзесят два?.. Ёй ужо няма куды спяшацца. Давайце пачнём з вынаходцы. Мне ўжо нехта званіў пра яго. Не памятаю хто. Сказалі, што гэта будучы нобелеўскі лаўрэат. У яго нешта незвычайнае… Мікалай Ягоравіч!.. Вы толькі не адразу… Дайце нам пагаварыць з чалавекам. Вырашыць пытанне. А потым ужо, к канцу, уключай цеся.
      Мурашка. Зразумеў.
      Вяршыла. Зрабіце ласку, нагадайце рэпертуар. Каму што?
      Мурашка. Гома нармаліс… Танец маленькіх лебедзяў.
      Вяршыла (запісваючы для памяці). «Танец маленькіх лебедзяў».
      Мурашка. Літара «Д». «Кліент»… «Развітанне з радзімай».
      Вяршыла (піша). Агінскі. «Развітанне з радзімай».
      Мурашка. «ПД»…
      Вяршыла. Не трэба расшыфроўваць. Запомніў. Туш… (Піша.) Падумайце ўсё ж, чым замяніць. Ёсць у гэтым «свяце розуму», як вы сказалі, нейкая нацяжка. Дайце яму што–небудзь не наша… Замежнае. Які—небудзь рок ці блюз…
      Мурашка. Віктар Паўлавіч… У мяне ж толькі класіка.
      Вяршыла. Пашукайце што–небудзь з заходняй класікі.
      Мурашка. Падумаю… Левая палавіна шкалы. «Т»…
      Вяршыла. Памятаю. Талент. «О, дайце, дайце мне свабоду!» (Піша.) Што ў вас далей?
      Мурашка. «Г». Геній. «Слаўся!» Міхаіла Іванавіча Глінкі.
      Вяршыла. Падумайце над літарай. Непрыемна гучыць. Рэжа вуха.
      Мурашка. «Слаўся!» непрыемна гучыць?
      Вяршыла. Я пра літару кажу, а не пра музыку. Музыка цудоўная! Ну што, таварышы, пачнём? (Паўза. Выпівае вады з графіна. Хвалюецца.) Нюра! Будучага нобелеўскага лаўрэата!
     
      Нюра выходзіць і адразу вяртаецца. За ёй у кабінет улятае Іван Пятровіч Залівака.
     
      Залівака (вітпаючыся з кожным за руку, кожнаму гаворыць). Залівака Іван Пятровіч! Вынаходнік!
      Вяршыла (паказваючы на выпрабавальнае крэсла). Сядайце, Іван Пятровіч.
      Залівака. Не магу! Гару! Пылаю! У мяне кожная секунда на ўліку! Хачу тварыць для дзяржавы! Для народа! (Бегае па кабінеце.)
      Вяршыла. Тады і я мушу ўстаць. Каб размаўляць з вамі нароўні. (Прыўзнімаецца з крэсла.)
      Залівака. Што вы! Што вы! (Валіцца ў эксперыментальнае крэсла.) Вам Міхаіл Сямёнавіч званіў?
      Вяршыла. Хто? А… Званіў.
      Залівака. А Пал Палыч?
      Вяршыла. Званіў…
      Залівака. Значыць, вы ўжо ў курсе?
      Вяршыла. У агульных рысах…
      Залівака. У вас ёсць магчымасць увайсці ў гісторыю сусветнай навукі!
      Вяршыла. Якім чынам?
      Залівака. Зусім проста! Вось на гэтай паперцы трэба вашай рукой накрэсліць некалькі слоў! «Выдзеліць сродкі на паспяховае завяршэнне навуковай працы Залівакі Івана Пятровіча». Бачыце, колькі людзей ужо напісалі гэтыя словы? Пятнаццаць! Вы будзеце шаснаццатым! I больш ад вас нічога не па трабуецца!
      Вяршыла (беручы ў Залівакі паперу). Колькі сродкаў трэба для паспяховага завяршэння вашых даследаванняў?
      Залівака. Ат! Дробязь! Трыццаць мільёнаў. I мы адразу ж выйграем эканамічнае спаборніцтва з капіталізмам! Згадзіцеся, што гэта варта не трыццаці мільёнаў! Мільярды! Трыльёны!
      Вяршыла. У чым сутнасць вашага вынаходніцтва? Мы павінны ведаць, на што санкцыяніруем трыццаць мільёнаў.
      Залівака. Вынаходніцтва?! Адкрыццё!
      Вяршыла. Хай будзе так. Некалькі слоў пра ваша адкрыццё…
      Залівака. Я працую над вывядзеннем новай пароды курэй–нясушак. Яны будуць кудахтаць не пасля таго, як знясуць яйка, а перад гэтым! Разумееце? Да яйка! Куд–куд–куды! Куд–куд–куды!
      Вяршыла. А якая розніца, калі яны будуць рабіць гэтае самае «куд–куд–куды»? Да яйка ці пасля яго?
      Залівака. Што вы? Велізарная! Агромністая! Мы створым адзіны цэнтр у краіне са спецыяльнай апаратурай. Цэнтр будзе звязаны прамым провадам з усімі куратнікамі. Гм… Я хацеў сказаць — з усімі птушкафермамі і птушкафабрыкамі. Па спецыяльнаму сігналу з цэнтра ўсе куры пачынаюць кудахтаць. Разумееце? Уся краіна адразу куд–куд–куды! Куд–куд–куды!
      Вяршыла. А што далей?
      Залівака. Вы яшчэ не зразумелі?! Далей усе куры нясуць яйкі! Адразу па ўсёй краіне!
      Вяршыла. Дык яны і без спецыяльнага сігналу нясуцца…
      Залівака. Ха! Мы ж будзем падаваць сігнал для кудахтання не адзін раз у дзень, а два! Тры! Пяць разоў! Пяць яек у дзень ад кожнай курыцы! Уяўляеце? Мы ж усю краіну закідаем яйкамі!.. Што краіну? Свет! Мы не толькі людзей… Мы свіней, кароў, авечак будзем карміць яечняй! Вось вам і вырашэнне бялковай праблемы! (Ускочыў і зноў забегаў па кабінеце.)
      Вяршыла. Сядзьце, Іван Пятровіч! Сядзьце!..
      Залівака. Не магу! Не сядзець — дзейнічаць трэба!
      Вяршыла. Вы мяне прымушаеце… (Прыўзні маецца з крэсла.)
      Залівака. Даруйце! Забыўся! (Валіцца ў крэсла.)
      Міралюбаў. У мяне адно пытанне да Івана Пятровіча…
      Вяршыла. Калі ласка, Ягор Фёдаравіч… Гэта мой намеснік.
      Залівака (ускочыўшы, кланяецца). Вельмі прыемна! Вельмі! (Падскочыўшы, цісне руку Міралюбаву.) Хоць мільён пытанняў! Любыя! У мяне на кожнае пытанне па тры адказы! А, Б, В!
      Міралюбаў. Скажыце, Іван Пятровіч… А певень вытрымае?
      Залівака. Што вытрымае?
      Міралюбаў. Ну… Каб курыца несла некалькі яек у дзень? Ён жа таксама прымае нейкі ўдзел у гэтай справе.
      Залівака, Канечне, яму будзе нялёгка! Давядзецца папрацаваць закасаўшы рукавы. Але ў мяне і гэтая праблема прадугледжана. Мы кожнай курыцы дадзім па персанальным пеўню. Як ва ўсіх пярнатых і млекакормячых!
      Вяршыла. Вы ўжо правяралі сваю ідэю?
      Залівака. А як жа? У лабараторных умовах! На адной курыцы! (Бегае па кабінеце.) Прабачце! Забыўся. (Валіцца ў крэсла.)
     
      Вяршыла моўчкі ўзнімаецца.
     
      Вяршыла. I які вынік?
      Залівака. Цудоўны! Казачны! Вось акт аб эксперыменце! Вось пратакол і заключэнне вучонага савета! Вось рэзалюцыі сямі міністраў! Пісьмы двух акадэмікаў, якія падтрымліваюць ідэю і гатовы самі прыняць удзел у эксперыменце… Праўда, абодва яны на пенсіі! Але ў прынцыпе гэта не мае значэння.
      Вяршыла (праглядаючы паперы). На што вы хочаце патраціць гэтыя трыццаць мільёнаў?
      Залівака. Трыццаць — гэта толькі для пачатку! Так сказаць, на нулявы цыкл! Мне патрэбны НДІ куразнаўства, вылічальны цэнтр і свая эксперыментальная база. Як бачыце, прашу мінімум. У маштабах краіны — гэта капейка. Грош! А выйгрыш — трыльёны!
      Вяршыла. Ваша думка, Тамара Цімафееўна?
      Папсуева. Праблема бялка — самая вострая біялагічная праблема ў свеце. I калі б удалося яе вырашыць… Сапраўды Нобелеўскай не шкада.
      Вяршыла. Што скажаце вы, Ягор Фёдаравіч?
      Міралюбаў (філасофскі). Адной вымовай больш, адной — менш.
      Вяршыла. Нюра! Зялёны!
      Нюра. Калі ласка, Віктар Паўлавіч. (Працягвае зялёны аловак.)
      Вяршыла (узняўшы аловак). Значыць, уся краіна адразу?..
      Залівака. Уся! Куд–куд–куды! Куд–куд–куды! А потым горы яек і Манбланы! Гімалаі!..
     
      Залівака не паспявае дагаварыць. Аглушальна грыміць туш. Усе аж уздрыгнулі ад нечаканасці. Туш прагрымеў адзін раз, другі, трэці…
     
      Вяршыла. Эй вы там, на палубе! Спыніце музыку!
      Залівака. Што вы! Не трэба! Гэта ж так сімвалічна!
     
      Вялікая паўза. Вяршыла думае, сумняваецца і нарэшце адсоўвае ад сябе паперы.
     
      Вяршыла. Вось што, Іван Пятровіч… Пакуль што я не магу падпісаць вашу просьбу…
      Залівака (страшэнна ўражаны такой нечаканасцю). Не можаце? Чаму?!
      Вяршыла. Бачаце, якая справа, Іван Пятровіч… У вас тут не хапае адной рэзалюцыі… I таму я не магу падпісаць…
      Залівака. Як не хапае? Там пятнаццаць рэзалюцый і ўсе станоўчыя! Рэзалюцыі сямі міністраў! Нават міністра фінансаў! Што вам яшчэ трэба?
      Вяршыла. У вас няма рэзалюцыі міністра харчавання. А ваш інстытут будзе падпарадкоўвацца яму. Патрэбна яго віза, Іван Пятровіч…
      Залівака. Лічыце, што яна ў вас ужо ёсць! Там у мяне цётка і дваюрадны брат працуюць!.. Адтуль мне адразу сюды?
      Вяршыла (без асаблівага энтузіязму). Адтуль да нас…
      Залівака. Вельмі ўдзячны! Вельмі! Не развітваюся. Праз гадзіну буду ў вас! (Вылятае з кабінета.)
     
      Паўза.
     
      Вяршыла. Вы ўпэўнены, Мікалай Ягоравіч, што ваш апарат… даў правільную ацэнку?
      Мурашка. Больш чым упэўнены.
      Вяршыла. А чаму так гучна?
      Мурашка. Надта высокі ўзровень біятокаў мозгу.
      Вяршыла. Звар’яцець можна. У яго ж пятнаццаць рэзалюцый! Сем міністраў! Дактары навук! Акадэмікі! Заключэнне вучонага савета! I ўсе ж яны думалі! Хоць адным паўшар’ем… I то атрымліваецца многа!
      Міралюбаў. А можа, усе яны — яго цёткі і дваюрадныя браты?
      Вяршыла. Пакіньце, Ягор Фёдаравіч!.. Я сур’ёзна…
      Мурашка. Апарат нават зашкаліла…
      Вяршыла (з жахам). А я ж ледзь не падпісаў! Проста гіпноз нейкі! (Паўза.) Што ж атрымліваецца, Мікалай Ягоравіч? Што ваш апарат выратаваў нам трыццаць мільёнаў?
      Мурашка (вінавата). Выходзіць, так…
      Вяршыла (усё яшчэ ніяк не можа супакоіцца). Але ж міністры! Акадэмікі! Пратакол! У вас, Мікалай Ягоравіч, хоць адзін міністр стаіць за спіной? Хоць адзін акадэмік? На худы канец — ну хоць бы доктар навук? Адзін!
      Мурашка. Ніводнага… На словах усе — за. А паперкі, рэзалюцыі — ніводнай…
      Папсуева. Адна пісаная рэзалюцыя важыць больш, чым сто вусных! Трэба было паверыць акадэмікам. Нам сумнявацца ў іх кампетэнцыі…
      Мурашка. Апарат працуе нармальна. Галавой ручаюся!
      Папсуева. Што мы панясём высокаму начальству, калі яно нас пакліча? Вашу галаву? Ці апарат?
      Вяршыла. Што ж рабіць? Нам трэба дакладна ведаць, а не прыблізна!
      Папсуева. Трэба прадоўжыць выпрабаванні. Калі апарат зноў зрэагуе алагічна… Выкінуць яго разам з аўтарам!
      Вяршыла. Тамара Цімафееўна!
      Папсуева. А што? Жылі спакойна, мірна… Пісалі рэзалюцыі. Ніхто ніколі не сумняваўся ў іх правільнасці! А цяпер? Сядзім і ламаем галаву.
     
      Паўза.
     
      Вяршыла. Нюра! Хто там наступны?
      Нюра. Дырэктар фабрыкі лёгкага і сярэдняга адзення Крутая Ніна Іванаўна і тры яе асістэнткі.
      Вяршыла (да Мурашкі). Вы можаце праверыць усіх чатырох адразу?
      Мурашка. Не. Толькі па адной.
      Вяршыла (да Нюры.) Няхай уваходзіць адна. Без асістэнтак…
      Нюра (адчыніўшы дзверы). Уваходзьце, Ніна Іванаўна!
     
      Уваходзіць Крутая.
     
      Крутая. Добры дзень!
      Вяршыла. Добры дзень! Зноў вы, Ніна Іванаўна?
      Крутая. Зноў я, Віктар Паўлавіч.
      Вяршыла. Сядайце… (Паказвае на выпрабавальнае крэсла.)
      Крутая. Крэсла ў вас нейкае дзіўнае. Раней я не бачыла яго ў вас!
      Вяршыла. Сучасны дызайн… Мастакі мудрагеляць. 3 чым на гэты раз, Ніна Іванаўна?
      Крутая. Усё з тым жа, Віктар Паўлавіч. Як заўсёды. Зацвердзіць асартымент нашых будучых тавараў.
      Вяршыла. Для чаго існуе ваш уласны міністр?
      Крутая. Для накачкі. А справу можаце вырашыць толькі вы. За вамі апошняе слова.
      Вяршыла. Лёгка жывецца вашаму міністру! Як у Хрыста за пазухай. Пакажыце ваш асартымент…
     
      Крутая кладзе перад ім паперы і пачынае ўважліва аглядаць крэсла, у якім сядзіць. Усе напружана назіраюць за ёй. Толькі Вяршыла чытае паперы і робіць адзнакі алоўкам.
     
      Навошта вам столькі трусоў? На дзесяць гадоў наперад? То вы кажаце, што вам мужчын не хапае, а то вы трусы плануеце аж на тры арміі!
      Крутая. Нашы даследаванні паказалі, што яны хутка зношваюцца ад сучасных крэслаў. Штаны тыя нічога, вытрымліваюць. А вось трусы, паколькі яны з бавоўны, выходзяць са строю датэрмінова.
      Вяршыла. Вы ж ведаеце, што бавоўны не хапае! Рабіце з сінтэтыкі!
      Крутая. Спрабавалі. Мужчыны ў адзін голас запратэставалі. Сказалі, што адчуваюць сябе як у панцыры. I іскры ўначы сыплюцца… Вельмі ўжо кволы ваш брат пайшоў. Раней палатняныя насілі і не скардзіліся. А цяпер, бачыце, падавай вам чыстую бавоўну!
      Вяршыла (узнімаючы галаву ад папер). Ну, ведаеце… Гэта ўжо самае сапраўднае марнатраўства!
      Крутая. Што вы маеце на ўвазе?
      Вяршыла (далікатна паказвае на свае грудзі). Гэтыя самыя… прыстасаванні. Тры мільёны! Яны ж будуць ляжаць мёртвым грузам на базах! А зменіцца мода… Іх жа потым на цюбецейкі ці кепкі не перайначыш!
      Крутая. Вы ведаеце, колькі ў нас жанчын?
      Вяршыла. Ну, не на кожнай жа назе яны іх носяць?
      Крутая. Яны іх носяць… Калі б вы іх там насілі, Віктар Паўлавіч, вы б без роздуму падпісалі на дзесяць мільёнаў! Каб з дзесяці адзін выбраць!
      Вяршыла. Значыць, бераце не якасцю, а колькасцю? Асуджаная практыка!
      Крутая. Ну, а што ж рабіць, Віктар Паўлавіч? Закупіце нам французскае абсталяванне, французскія матэрыялы…
     
      Гучыць танец маленькіх лебедзяў.
     
      Што гэта ў вас? Музычная паўза? Аэробіка?
      Вяршыла. Не… Гэта нашы тэхнікі апаратуру правяраюць. (Паўза. Вяршыла думае, вагаецца.) Добра, Ніна Іванаўна… Я вам стаўлю не тры мільёны, а пяць. Дзесяць — гэта вы ўжо занадта! Пяці мільёнаў на першы раз хопіць?
      Крутая. Ну, Віктар Паўлавіч! Не чакала! Шчы ра прызнаюся… Думала, што і за тры мільёны давядзецца з вамі ўзагрудкі!.. А вы такі царскі падарунак нам паднеслі!
      Вяршыла. Ну, павінен жа я быць рыцарам? Жанчыны — мая слабасць… Ёсць яшчэ пытанні, Ніна Іванаўна?
      Крутая. Ёсць. Трэба зацвердзіць некалькі новых мадэляў на летні сезон. Мы хочам выпускаць іх з літарай «Н» і атэставаць на Знак якасці.
      Вяршыла. Дзе вашы мадэлі?
      Крутая. Тут. (Падышоўшы да дзвярэй, кліча.) Сорак пяць–дзевяноста!
     
      Уваходзіць першая асістэнтка, брунетка. Прафесійным крокам ходзіць перад сталом, робіць прафесійныя позы манекеншчыцы.
     
      Мадэль сорак пяць–дзевяноста. Мастак — мадэльер Марына Стрыжова. Касцюм рэкамендуецца для загарадных прагулак. Звярніце ўвагу… Сучасны модны сілуэт, сучасныя тканіны… Але гэта не проста касцюм, а касцюм — загадка…
      Вяршыла. Загадка?
      Крутая. Дапусцім, жанчына не паспявае вярнуцца з загараднай прагулкі або дачы дадому, каб пераапрануцца. А вечарам яна павінна быць у тэатры. Мы прадугледзелі і такі варыянт. Прагулачны касцюм становіцца вячэрнім…
     
      Асістэнтка робіць некалькі рухаў, і чорныя штруксы ператвараюцца ў вельветавую спадніцу–максі.
     
      Вяршыла (з захапленнем). Геніяльна! Гэта якраз тое, што трэба сучаснай жанчыне! Зацвярджаю. Давайце вашу наступную мадэль!
      Крутая (падышоўшы да дзвярэй). Сорак сем–дванаццаць!
     
      Уваходзіць другая асістэнтка, шатэнка.
     
      Мадэль сорак сем–дванаццаць. Мастак Ігар Прымакоў. Ансамбль для дома, на кожны дзень. Многія лічаць, што дома жанчына можа хадзіць у любым адзенні. Гэта вялікая і трагічная памылка! Жанчына павінна быць прыгожай і прывабнай заўсёды і ўсюды. I ў першую чаргу дома, перад мужам. Трываласць сямейных адносін залежыць ад хатняга адзення жанчыны… Хацелася б, Віктар Паўлавіч, звярнуць вашу ўвагу на такую характэрную дэталь, якая падкрэслівае поўную роўнасць сучаснай жанчыны з мужчынам, яе незалежнасць і самастойнасць. Усё тое, што дала ёй эмансіпацыя. Наш касцюм пра дугледжвае элегантны рабочы пояс жанчыны.
     
      Шатэнка імгненна вымае з сумкі пояс і зашпільвае яго на сабе.
     
      Гэты пояс–патранташ трывала замацоўвае на жаночай таліі маленькі тапорык для рубкі мяса і сячэння дроў, нажоўку па дрэве і метале, малаток, пласкагубцы і кусачкі, два напільнікі, брусок і рашпіль, набор ножыкаў і нажніцы… Звычайныя і для бляхі. Праўда, прыгожа? I галоўнае — зручна, у любы момант усё пад рукой. Ніводнага лішняга руху!
      Вяршыла (з захапленнем). Паслухайце!.. Гэта ж не мадэль! Гэта ж цудоўнае вынаходніцтва! На яго трэба адразу ж браць аўтарскае пасведчанне і запатэнтаваць! Абавязкова скажыце мне, калі выкінеце ў продаж. Гэта ж найлепшы падарунак на Восьмага сакавіка! Ды і на Новы год таксама!.. (Да асістэнткі.) Вы можаце ісці. Я віншую вас!
     
      Шатэнка выходзіць.
     
      Крутая (кліча). Пяцьдзесят–дзевяноста дзевяць!
     
      Уваходзіць… Венера Мілоская ў вельмі смелым купальніку. Вяршыла нават прыўзняўся і абамлеў ад захаплення.
     
      Мадэль пяцьдзесят–дзевяноста дзевяць… Мастак Уладзімір Юрын. Пляжны касцюм. Прашу звярнуць увагу на такую дэталь… Максімум адкрытага цела для сонца і паветра. Падабаецца?
     
      Вяршыла, не адрываючы вачэй ад мадэлі, бездапаможна разводзіць рукамі.
     
      Юрын — наш лепшы мастак. Спецыялізуецца на пляжных касцюмах.
      Вяршыла. Гэта адчуваецца… (Да бландзінкі.) Падыдзіце бліжэй… Вось сюды… Сядайце ў гэтае крэсла… Расслабляйцеся… (Не тоячыся, любуецца прыгажосцю мадэлі).
     
      Асістэнтка сядае ў крэсла і прымае позу зачаравання. Вяршыла зусім размяк. I тут нечакана загучаў паланез Агінскага «Развітанне з радзімай». Твар Вяршылы адразу закамянеў, набыў варожы выгляд.
     
      Крутая. Ну як, Віктар Паўлавіч? Зацвярджаеце?
      Вяршыла (не адразу). Апошнюю?.. Не…
      Крутая. Што вы, Віктар Паўлавіч! Такі цу доўны ансамбль! Нарасхват пойдзе! Мы яго будзем прапаноўваць на Знак якасці!.. Падпісвайце!
      Вяршыла. А на ім хопіць месца, каб паставіць Знак якасці?
      Крутая (да асістэнткі). Ты можаш ісці, Галя…
     
      Асістэнтка выходзіць яўна пакрыўджаная. Але выходзіць усё ж прафесійна–грацыёзна, як і трэба Венеры Мілоскай.
     
      Я вас сёння не пазнаю, Віктар Паўлавіч! У чым справа? Вам жа спачатку спадабалася мадэль! Я ж па вачах вашых бачыла!
      Вяршыла. Разумееце, Ніна Іванаўна… У кожным прадмеце павінна быць адзінства формы і зместу… Кожны касцюм… Як вам лепей сказаць?.. Павінен падкрэсліваць розум, інтэлект чалавека, яго сутнасць…
      Крутая. Пры чым тут розум, Віктар Паўлавіч? Гэта ж пляжны касцюм! Навошта на пляжы інтэлект? Пляж — не інстытут кібернетыкі!
      Вяршыла. Ніна Іванаўна… Я зацвердзіў усе вашы пазіцыі! А іх сто трыццаць сем. Гэтую пазіцыю я зацвердзіць не магу.
      Крутая. Ну, павінны ж быць нейкія аргу менты!.. Чаму?
      Вяршыла. Гэты, з вашага дазволу, касцюм… Падман. Ён заводзіць чалавека ў ілюзорны, міражны свет. Ён адбірае ў чалавека інтэлект!
      Крутая. Госпадзі! Даўся вам гэты інтэлект!.. На дэманстрацыі мод гэты касцюм спадабаўся ўсім!
      Вяршыла. Ха! Касцюм!.. Фігавыя лісткі! Тры ліснікі… Мы з вамі, Ніна Іванаўна, павінны думаць аб маральнасці і нявіннасці тых, хто будзе насіць такія… касцюмы! I хто будзе на іх глядзець!.. Я лічыў вас, Ніна Іванаўна, больш сур’ёзным кіраўніком…
      Крутая. А я, Віктар Паўлавіч, ніколі не думала, што вы такі… пурытанін! Не давяраеце нашым лепшым майстрам! Яны атрымліваюць спецыяльныя прызы ў Лондане і Парыжы!
      Вяршыла. Гэта вам не Лондан і не Парыж, Ніна Іванаўна!
      Крутая. Бачу! Хто вы такі, што бераце на сябе смеласць выносіць прысуд рэчам, у якіх вы… Якія вы не зусім разумееце?
      Вяршыла. Ах, не разумею?.. А чаму ж вы штодня бегаеце да мяне ўзгадняць свае мадэлі?
      Крутая. Мяне прымушае рабіць гэта мой міністр!
      Вяршыла. Ах, ваш міністр!.. А чаму ён сам не зацвярджае свае трыліснікі? Баіцца?
      Крутая (падышоўшы да Вяршылы). Ведаеце, хто вы, Віктар Паўлавіч?
      Вяршыла. Ведаю. Міністр узгадненняў.
      Крутая. Не. Вы не міністр, Віктар Паўлавіч… Вы — пень у штанах! Пень на дарозе! Які ні аб’ехаць, ні абысці!.. (Выходзіць, моцна грукнуўшы дзвярамі.)
     
      Няёмкая паўза: у прысутнасці падначаленых назвалі міністра пнём.
     
      Папсуева. Прыгожы ансамбль…
      Вяршыла. Прыгожы? Вы б яго надзелі, Тамара Цімафееўна?
      Папсуева. Ну, ведаеце… пры маёй пасадзе… думала, што мужчынам такое падабаецца.
      Вяршыла. Вы не былі мужчынам… Адкуль вам ведаць, пры вашай пасадзе, што ім падабаецца, а што не?..
      Нюра. Віктар Паўлавіч… Там, у прыёмнай, яшчэ бабуля чакае…
      Вяршыла. Якая бабуля?
      Нюра. Пенсіянерка. Загуменная Кацярына Антонаўна.
      Вяршыла. А–а! Зусім забыўся!.. Запрашай.
     
      Нюра выходзіць і тут жа вяртаецца. Услед за ёй уваходзіць мілая, сімпатычная бабуля. Яна спынілася каля парога і корпаецца ў сумцы.
     
      Праходзьце, бабуля, сюды. Бліжэй да стала. Што вы там спыніліся ў парозе?
      Загуменная. Зараз, мае дзеткі, зараз… (Вымае з сумкі хатнія тапкі, надзявае іх замест старэнькіх, стоптаных пантофляў. Затым бе ражліва разгортвае насавую хусцінку і чапляе на жакет ордэн «Маці—гераіня». Толькі пасля гэтага ідзе да стала.)
      Вяршыла (выходзіць ёй насустрач). Добры дзень, Кацярына Антонаўна! (Паказвае на тапкі.) А гэта вы навошта?
      Загуменная. Ну што вы, таварыш міністр! У вас тут так прыгожа, так чыста!.. Ступіць боязна. Тут жа людзі прыбіраюць. Іх паважаць трэба.
      Вяршыла. Сядайце, Кацярына Антонаўна, сюды. (Падсоўвае ёй выпрабавальнае крэсла.) Тут вам будзе зручна. А гэта ў вас што?
      Загуменная. «Маці—гераіня»…
      Вяршыла. Ух ты! Першы раз бачу зблізку. Колькі ж у вас дзетак?
      Загуменная. Ай, не так ужо і шмат. Адзінац цаць…
      Вяршыла. Адзінаццаць?! I ўсе жывыя?
      Загуменная. Усе, дзякуй Богу. Ёсць сярод іх і ўрачы, і інжынеры, і старшыня калгаса. Нават адзін акадэмік ёсць.
      Вяршыла. Вось гэта сямейка! (Да Папсуевай.) Вось з каго трэба браць прыклад, Тамара Цімафееўна!.. I ўнукі ёсць?
      Загуменная. А як жа без унукаў? Раўнюсенька трыццаць тры. Па трое на кожнага. Вось праўнукаў пакуль малавата. Шасцёра ўсяго…
      Вяршыла. Ну, ведаеце, Кацярына Антонаўна!.. Я б вам за такое Героя Савецкага Саюза не пашкадаваў! «Не то, что нынешнее племя!»
      Загуменная. Ай, мае вы дзеткі! Цяпер жа людзям часу няма. Яны то тэлевізар глядзяць, то музыку круцяць, то на сходах розных сядзяць. Калі б было меней сходаў, можа б, і дзяцей было больш…
      Вяршыла. Не забываюць яны вас?
      Загуменная. Хто? Дзеткі? Ну што вы, таварыш міністр! Мае дзеці не такія. Кожнае свята прыязджаюць. I на Май, і на Кастрычнік, і на Новы год. Як панаедуць, то не ведаю, дзе пасадзіць, дзе каго пакласці! Хоць і пяцісценка, а месца не хапае.
      Вяршыла. Аякз гэтым?.. Матэрыяльна пама гаюць?
      Загуменная. Ай, і не кажыце, таварыш міністр! Кожны месяц па некалькі пераводаў. Не паспяваю і на пошту бегаць! Я ж яшчэ і пенсію атрымліваю. Хоць і невялікую, але ўсё ж атрымліваю. Ведаеце, колькі ў мяне на кніжцы? (Нахіля ецца, шэптам.) Аж сем тысяч! Як раней, то, відаць, мяне ўжо даўно б раскулачылі!
      Вяршыла. Ну што вы, Кацярына Антонаўна! Вашы грошы — святыя грошы!.. А сюды вы па яко справе? Як бачу, ніхто вас увагай не абыходзіць, ніхто не крыўдзіць…
      Загуменная. Каб жа не крыўдзілі!.. Я ўжо ўсіх абышла, некалькі пар пантофляў стаптала. А праўды так і не знайшла. Вось у адным месцы мне і падказалі, што толькі вы і можаце мне памагчы.
      Вяршыла. Вось чортавы бюракраты! Такога чалавека прымушаюць хадзіць па інстанцыях!.. А на каго ці на што вы скардзіцеся? Хто вас пакрыўдзіў?
      Загуменная. Я не скарджуся, таварыш міністр… Даруйце, як вас па бацюшку?
      Вяршыла. Віктар Паўлавіч…
      Загуменная. Не скарджуся, Віктар Паўлавіч. Я прашу. За свае грошы прашу. А з мяне кпяць. Некаторыя нават гэтай самай… псіхічкай называюць.
      Вяршыла. Такіх трэба здымаць з работы і… на пятнаццаць сутак! Каб дзесятаму заказалі! А што вы просіце, Кацярына Антонаўна?
      Загуменная. Ай, дробязь, Віктар Паўлавіч! Нават няёмка гаварыць.
      Вяршыла. Смела гаварыце. Мы вас правільна зразумеем. На тое мы тут і сядзім.
      Загуменная. Дамавіну хачу заказаць.
      Вяршыла (не адразу). Што заказаць?
      Загуменная. Дамавінку. У якой на могілкі адвозяць.
      Вяршыла. Наколькі я ведаю… Ёсць жа спецыяльныя камбінаты. А ў вашым раёне няма такога?
      Загуменная. Камбінат–то ёсць. А мой заказ не прымаюць. Кажуць — не паложана.
      Вяршыла (з абурэннем). Дажыліся! Дабюракраціліся! Дакаціліся! Нюра! Знайдзіце мне нумар іх камбіната. Я сам з імі пагавару!
      Нюра. Зараз, Віктар Паўлавіч.
      Вяршыла. Заява ў вас пры сабе?
      Загуменная. Прысабе, прысабе, дзеткі. (Корпаецца ў сумачцы.) Вось заўсёды так… Калі трэба — як скразняком змахне… Ага! Вось яна. (Працягвае паперку Вяршылу.)
      Вяршыла (яшчэ не разгарнуўшы заявы). Хто ж у вас памёр, Кацярына Антонаўна?
      Загуменная. Ніхто, дзякуй Богу. Усе жывы і здаровенькі.
      Вяршыла (са здзіўленнем). Для каго ж вы труну заказваеце?
      Загуменная. Для сябе, мае дзеткі…
     
      Усеагульнае ашаламленне. Папсуева круціць пальцам каля скроні, стараючыся, каб гэта ўбачыў Вяршыла.
     
      Вяршыла. Для сябе?! Але ж вы яшчэ… Даруйце… Жывая!
      Загуменная. Аяк жая паспею заказаць, калі памру?
      Вяршыла. Бабуля! У вас адзінаццаць дзяцей і трыццаць тры ўнукі! Няўжо яны не паклапоцяцца?
      Загуменная. Ай, пра што вы кажаце, Віктар Паўлавіч! Вядома, паклапоцяцца. Але навошта ж ім лішні клопат?.. Хадзіла я ў той камбінат… Там заўсёды чарга. Людзі нервуюцца, плачуць, лаюцца… I на тых, хто жыве. I на тых, хто памёр… Ведаеце, колькі я за сваё жыццё ў чэргах настаялася? У–га! Па хлеб, па мыла, па керасін, паркаль, па муку, па масла, па сялёдку… Калі скласці ўсё гэта ў адно месцейка, дваццаць гадоў з майго жыцця выкрасліць трэба. Дальбог, не меней!.. Не хачу, каб мае дзеці праз мяне яшчэ ў чарзе стаялі. Непакоіліся… Перажывалі… Я ж не толькі дамавінку, я і стужкі да вяночкаў хачу заказаць. Ад іх імя… Няхай прыедуць яны на ўсё гатовае і паплачуць трошкі па мне… Яны ж у мяне вельмі харошыя! Занятыя ад ночы і да ночы… То канферэнцыі, то сімпозіумы, то футбол…
      Вяршыла. Ну, матуля… Усякае чуць даводзілася. А такое чую ўпершыню. Аналагаў яшчэ не было. I дзе ж вы, прабачце, будзеце трымаць… дамавіну?
      Загуменная. У хаце, за шырмачкай. А як адчую, што пара мая прыйшла, пераапрануся ва ўсё чыстае і лягу… I нікому ніякіх клопатаў. Толькі перад гэтым усім тэлеграмы пашлю…
     
      Нечакана вельмі гучна загучала арыя князя Ігара «О дайце, дайце мне свабоду!».
     
      Ой, якая прыгожая музыка ў вас! Проста сэрца ў ёй купаецца! А то цяпер як пачнуць дзьмуць — ва ўсім калгасе шыбы з вокнаў высыпаюцца…
      Вяршыла (справіўшыся з хваляваннем). Можа, мяне і асудзяць, але просьбу вашу, Кацярына Антонаўна, я выканаю.
      Загуменная (расчулена). Дзякую, сынок! Вось нездарма ж падказалі людзі да цябе ісці… Толькі ты ўжо, калі ласка, напішы, каб прыгажэйшая была. Грошы ў мяне ёсць. Я заплачу… Жыццё ў мяне ой якое было! Не дай бог нікому такога. То хоць паляжу ў прыгожым доміку. Гэты ж ужо апошні будзе…
      Вяршыла. Напішу, каб самы прыгожы быў. I бясплатна.
      Загуменная (спалохана замахала рукамі). Не! Не! Не трэба бясплатна! Што пра мяне людзі скажуць? Я ж багатая!.. Вось толькі, калі можна… Напішы ты, сынок, каб з дубу зрабілі… Я разумею, чаму ты так глядзіш на мяне. Думаеш, з глузду з’ехала бабка! Нібыта не ўсё роўна ёй, у якой дамавіне будуць яе костачкі тлець?.. Ды не… Мне ўсё адно… А раптам я яшчэ затрымаюся на гэтым свеце? А шашаль возьме ды і паточыць маю дамавінку… Калі яна будзе з простых дошак змайстравана. А дуб яму не па зубах…
      Вяршыла (хутка піша і аддае заяву). Вось, Кацярына Антонаўна… Напісаў, каб без усякай чаргі! Самую прыгожую і абавязкова з дубу.
      Загуменная. Дзякую, сынок! Праўду кажуць: свет не без добрых людзей. Дзякую! (Нізка кланяецца Вяршылу.) Хоць я ў Бога і не веру, але памалюся за цябе… Сардэчны ты чалавек, хоць і міністр! (Кланяецца Папсуевай і Міралюбаву.) I вам, дзеткі, дзякую! (Ідзе да дзвярэй, нізка кланяючыся. Там яна здымае тапкі, зноў надзявае пантофлі і, яшчэ раз пакланіўшыся, выходзіць.)
     
      Вялікая паўза.
     
      Папсуева. Вар’ятка нейкая! Трэба праверыць, ці не збегла яна з Навінак…
      Вяршыла (не вытрымлівае і крычыць). Замаўчыце, Тамара Цімафееўна! Замаўчыце! Яна не вар’ятка! Яна разумнейшая за нас з вамі!..
      Папсуева. Калі кожная бабуля захоча яшчэ пры жыцці заказаць сабе дамавіну, у чым будзем хаваць сапраўдных нябожчыкаў?
      Міралюбаў (узнімаецца, падыходзіць да Папсуевай і, гледзячы ёй у вочы, пачынае лічыць). Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем…
      Вяршыла (спакойна). Ягор Фёдаравіч… Сядзьце на сваё месца. (Падае першай тэлефаністцы кавалачак паперы.) Люда! Закажыце мне вось гэты нумар. Тэрмінова!.. Таварышы… Думаю, усе вы пераканаліся, што апарат працуе бездакорна. Яго трэба неадкладна зацвярджаць і запускаць у серыю. Паколькі думкі падзяліліся, пратакол зараз падпісваць не будзем. Справа не зусім звычайная. Я павінен параіцца…
      Першая тэлефаністка. Віктар Паўлавіч! Здыміце пяты. Там абанент, якога вы прасілі…
      Вяршыла (па тэлефоне). Мама? Гэта ты?.. Ага, гэта я, Віктар… Віця… Ды не, нічога не здарылася… Проста захацелася пачуць твой голас… Як ты там?.. Здароўе як?.. Я пытаюся, як здароўе?.. Можа, лякарствы якія патрэбны?.. Што я хацеў?.. Хачу сказаць, што ў нядзелю мы прыедзем да цябе ў госці… Ага… Усе… I Наташа, і дзеці… Мы засумавалі па табе… Гэта ж колькі не бачыліся!.. Не, на гэты раз не ашукаем… Абавязкова прыедзем… Да сустрэчы, мама! Цалую цябе… (Паклаў трубку, доўга сядзіць моўчкі.) Значыць, я пайшоў. Прашу не разыходзіцца і чакаць мяне. Вы, Мікалай Ягоравіч, таксама будзьце тут.
      Мурашка. Добра, Віктар Паўлавіч. Буду чакаць…
     
      Вяршыла выходзіць. Святло паступова гасне. Нейкі час на сцэне поўная цемра. Потым на сцэне пачынае святлець. Гэта ўжо раніца. Няма тэлефаністак і Нюры. Папсуева і Міралюбаў спяць там, дзе сядзелі… Вельмі асцярожна аглядаючыся, ціхенька ўзнімаецца Міралюбаў. Ён на пальчыках падыходзіць да выпрабавальнага крэсла, павольна абыходзіць яго, некалькі разоў дакранаецца да бліскучага паўабруча — спачатку адным пальцам, затым далонню, затым ужо абедзвюма рукамі. I боязна, і надта ж хочацца! Нарэшце ён асцярожна садзіцца ў крэсла. Паўза.
      Пачынае гучаць танец маленькіх лебедзяў. Міралюбаў шчасліва ўсміхаецца, заплюшчыў вочы і слухае, слухае цудоўную мелодыю. Яму нават не хочацца ўзнімацца з крэсла. Але ён прымушае сябе ўзняцца. Ён на пальчыках, як балерына, танцуе танец маленькіх лебедзяў, выкідваючы такія фантастычныя па, якія і не сніліся маленькім лебедзям. Пад музыку, танцуючы, ён ідзе на сваё месца і, шчасліва ўсміхаючыся, засынае. Цяпер ужо, здаецца, па–сапраўднаму. Гома нармаліс! Большага ён і не хацеў.
     
      Папсуева (ціха ўзнімаецца і падыходзіць да Міралюбава). Ягор Фёдаравіч!.. Ягор Фёдаравіч!.. (Грамчэй.) Ягор Фёдаравіч!..
     
      Але шчаслівы Міралюбаў спіць, як дзіця. Папсуева падыходзіць да Мурашкі і таксама спачатку ціха, а затым грамчэй кліча яго.
     
      Мікалай Ягоравіч!.. Мікалай Ягоравіч!.. Прачніцеся!..
     
      Спіць моцным сном і Мурашка, супакоены тым, што нарэшце ў яго з’явілася рэальная надзея. Папсуева надзвычай асцярожна, крутамі падыходзіць да магічнага крэсла. Доўга не адважваецца, але вельмі ўжо вялікая спакуса, якая ўрэшце перамагае. Папсуева ціха, па сантыметры ў секунду, апускае сваё цела ў крэсла. Села, чакае. Маўчанне. Папсуева крыху паёрзала ў крэсле, прыўзнялася і зноў села. Адзін раз, другі… I раптам рэзка, аглушальна грыміць туш. Ён, як прашча, выстрэльвае з крэсла Папсуеву і ў адзін міг пераносіць яе на тое месца, дзе яна перад гэтым спала. Падхапіліся спалоханыя Мурашка і Міралюбаў. Толькі Папсуева «спіць». А туш грыміць! Уваходзіць Вяршыла.
     
      Вяршыла. Што тут у вас адбываецца? Чаму такое землетрасенне? Хто ўключыў? Мікалай Ягоравіч! Спыніце музыку! Вы ж увесь горад на ногі ўздымеце!
      Мурашка (завіхаючыся каля апарата). Нічога не разумею! Да апарата ніхто не падыходзіў. А яго зашкаліла і замкнула…
      Папсуева (зларадна). Ну?! Цяпер бачыце? Без усякай прычыны і зашкаліла і замкнула! Я ж казала, што гэтаму сепаратару нельга верыць! А вы хочаце вырашаць ім чалавечы лёс!..
      Вяршыла. Ды зрабіце ж вы што–небудзь, Мікалай Ягоравіч!
     
      Нарэшце Мурашку ўдалося ўціхамірыць свой мудрамер. Ён націснуў нейкую кнопку, і ў кабінеце ўсталявалася напружаная цішыня. Усе ўважліва глядзяць на Вяршылу. Але на яго твары такая складаная гама пачуццяў, што прачытаць яе немагчыма. Ён нават знешне змяніўся, стаў нейкім іншым. Ён прайшоў за свой стол, сеў і доўга маўчыць.
     
      Міралюбаў. Ну што, Віктар Паўлавіч?
      Вяршыла (не адразу). Віншую вас, таварышы… Нас скарацілі…
      Папсуева. Каго іменна?
     
      Паўза.
     
      Вяршыла. Усіх. Усё міністэрства. (Паўза.) Нас ператварылі ў інстытут мудраметрыі…
      Папсуева. У што ператварылі?
      Вяршыла. Навукова–даследчы інстытут мудраметрыі… Аклады на пяцьдзесят працэнтаў вышэй міністэрскіх.
     
      Паўза.
     
      Мурашка (разгублена). А як жэ я? Што будзе з маім апаратам?
      Вяршыла. Вас, Мікалай Ягоравіч, мы бяром у свой інстытут малодшым навуковым супрацоўнікам. Будзеце разам з намі ўдасканальваць апарат. На яго даводку нам далі дзесяць гадоў.
      Мурашка. Што?! Якая даводка? Пра што вы гаворыце, Віктар Паўлавіч! Вы ж пераканаліся, што апарат дасканалы!
      Вяршыла. Я вас разумею, Мікалай Ягоравіч!.. Нават, калі хочаце, крыху спачуваю… Але… Вы кажаце, не патрэбна даводка?
      Мурашка. Не патрэбна!
      Вяршыла. Тады растлумачце мне… Чаму яго раптам ні з таго ні з сяго зашкаліла і замкнула?
      Мурашка. Не ведаю… Упершыню такое здарылася.
      Вяршыла. Вось бачыце… А трэба! Абавязкова! Каб ніякіх нечаканасцей. У апарат «там» паверылі і далі нам дзесяць гадоў… на яго дапрацоўку.
      Мурашка (ледзь не плача). Яў канцы дня вам скажу, у чым справа. 3 ім жа ўпершыню такое! Не трэба дзесяць гадоў! Дайце мне дзесяць гадзін! Максімум дзесяць дзён дайце! Не больш!
     
      Вяршыла па–сяброўску бярэ яго за плячо і адводзіць крыху ўбок.
     
      Вяршыла (ціха, з асаблівым значэннем). Вы дзе працуеце, Мікалай Ягоравіч?
      Мурашка. Зараз? Нідзе… Звольнілі… Скарацілі…
      Вяршыла. Калі гэта здарылася?
      Мурашка. Даўно. Шэсць гадоў назад.
      Вяршыла. Жонка яшчэ не кінула?
      Мурашка. Пакуль не…
      Вяршыла. Дзеці ёсць?
      Мурашка. Двое…
      Вяршыла. Карміць іх трэба?
      Мурашка. Пакуль яны мяне кормяць…
      Вяршыла. I вы яшчэ супраціўляецеся… Мы ж вам даём пастаянную пасаду малодшага навуковага супрацоўніка… Вы не доктар навук?
      Мурашка. Не, што вы!..
      Вяршыла. Іне кандыдат?
      Мурашка. Не…
      Вяршыла. Больш высокую пасаду даць не можам. Праз год ці два атрымаеце ступень і будзеце разам з намі даводзіць патрошкі, пакрысе свой мудрамер. Мы яго абавязкова зробім, Мікалай Ягоравіч!
      Мурашка (крычыць). Навошта ж дзесяць га доў?! Хопіць дзесяць гадзін!
      Вяршыла. Так трэба, Мікалай Ягоравіч. Так трэба… Сама жар–птушка села ў вашы рукі, а вы яе трымаць не хочаце! Трымайце сваю жар–птушку мацней! Трымайце! А то…
     
      Вяршыла не дагаварыў. У кабінет улятае Залівака. Пальцамі рукі ён паказвае «вікторыю». Захлынаючыся ад шчасця, ён нават гаварыць не можа — бегае і кожнаму па чарзе паказвае «вікторыю». Нарэшце з яго вырваўся пераможны кліч: «Вікторыя! Вікторыя!» Мурашка ў роспачы падае ў выпрабавальнае крэсла, закрыўшы твар рукамі. I апарат запрацаваў. Урачыста і велічна, як гімн чалавеку, чалавечай мудрасці, гучыць «Слаўся!». Вяршыла, Міралюбаў і Папсуева ўздрыгнулі ад нечаканасці і міжволі сталі вакол Мурашкі ганаровай вартай. Стаў і Залівака, цяпер ужо паказваючы «вікторыю» пальцамі абедзвюх рук.
      На гэтай урачыстай і велічнай ноце і закрываецца заслона.

 

 

НА ГЛАВНУЮ (кнопка меню sheba.spb.ru)ТЕКСТЫ КНИГ БК (кнопка меню sheba.spb.ru)АУДИОКНИГИ БК (кнопка меню sheba.spb.ru)ПОЛИТ-ИНФО (кнопка меню sheba.spb.ru)СОВЕТСКИЕ УЧЕБНИКИ (кнопка меню sheba.spb.ru)ПРОФЕССИОНАЛЬНО-ТЕХНИЧЕСКОЕ ОБРАЗОВАНИЕ В СССР (кнопка меню sheba.spb.ru)ФОТО-ПИТЕР (кнопка меню sheba.spb.ru)НАСТРОИ СЫТИНА (кнопка меню sheba.spb.ru)РАДИОСПЕКТАКЛИ СССР (кнопка меню sheba.spb.ru)ВЫСЛАТЬ ПОЧТОЙ (кнопка меню sheba.spb.ru)

 

Яндекс.Метрика
Творческая студия БК-МТГК 2001-3001 гг. karlov@bk.ru